BE RU EN

Расея спешна ліквідуе сляды хімічнай атакі

  • 29.04.2017, 16:26

На гэтым тыдні знішчальнік РФ здзейсніў больш за 20 налётаў на сірыйскі горад, знішчыўшы там жыццёва важныя аб'екты.

14 красавіка групоўкі, якія ваююць на баку рэжыму Асада, пачалі свае напады супраць сіл апазіцыі ў горадзе Хаме, у выніку чаго ў нядзелю адбілі горад Суран. Расейскія знішчальнікі праводзяць паветраныя бамбаванні з выкарыстаннем напалмавых і тэрмітных бомбаў па ўсёй тэрыторыі Хамы і на поўдні правінцыі Ідліб, у тым ліку ў Хан Шайхуне, што можна расцэньваць як спробу замесці сляды хімічнага злачынства. У панядзелак расейскі знішчальнік здзейсніў больш за 20 налётаў на Хан Шайхун, знішчыўшы там жыццёва важныя аб'екты, піша almodon.com (пераклад – inosmi.ru).

З паведамленняў сеткі «Сірыйскі рэпарцёр», яны атрымалі інфармацыю пра тое, што Расея накіравала сілы рэжыму і іранскіх апалчэнцаў на буйную наземную аперацыю, каб усякай цаной узяць пад свой кантроль Хан Шайхун ў правінцыі Ідліб. З паведамленняў іншага інфармацыйнага рэсурсу, найбуйнейшымі сіламі, якія ўдзельнічаюць у баях у Хаме разам з сіламі рэжыму, з'яўляюцца афганскія «Ліва Фатэйміюн» (шыіцкая арганізацыя, утвораная ў 2014 годзе для барацьбы з баевікамі сірыйскай апазіцыі, як мяркуецца фінансуецца, навучаецца, і забяспечваецца іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі - заўв.), ірацкі «Харакат Ан-Нуджаба», «Рэвалюцыйная гвардыя» Ірана, палесцінскія «сілы Галілеі» і апалчэння «Нацыянальнай абароны».

4 красавіка горад Хан Шайхун зазнаў паветраную атаку з боку ўрадавых сіл з выкарыстаннем газу зарын. У выніку гэтай хімічнай атакі сотні людзей, у тым ліку дзяцей, памерлі ад удушша. Атака ў Хан Шайхуне падштурхнула Злучаныя Штаты да нанясення ракетнага ўдару з боку Міжземнага мора па паветранай базе рэжыму, з якой, напрыклад, вылятаў знішчальнік, які скінуў бомбу на Хан Шайхун.

Для таго, каб захапіць Хан Шайхун, вайсковым фармаванням з боку рэжыму трэба было ўзяць пад кантроль гарады Хальфаю, Марэк, Тайбет-эль-Імам, Кяфр Набуду і Хаму. Апалчэнцы рэжыму пачалі атаку па перыметры Тайбет-эль-Імам і Хальфая, у якіх апазіцыя дала ім адпор, у выніку чаго шэрагі ўрадавых сіл панеслі вялікія страты.

Сілы рэжыму прасунуліся на поўнач Хамы, але іх рух спыніла раптоўная контратака сіл апазіцыі і «Камітэта вызвалення Леванта», разграміла ўрадавыя пасты ў раёнах Мзайра і Даляк, у ваколіцах горада Саламіі. Падкантрольнае «Камітэту вызвалення Леванта» агенцтва IPA ў далейшым абвясціла аб знішчэнні шасці пастоў і гібелі дзясяткаў баевікоў рэжыму, больш за тое, перш чым сысці, «войскамі апазіцыі быў ажыццёўлены захоп тэхнікі, зброі і розных боепрыпасаў».

Карэспандэнт Al Modon Зіяд аль-Хамві заявіў, што ў выніку вельмі інтэнсіўнага бамбавання цяпер колькасць апазіцыі ў Хаме скарачаецца. «Армія славы» («Джэйш Аль-Аза») і «Камітэт вызвалення Леванта» вялі жорсткія баі, каб абараніць Тайбет-эль-Імам і Хальфаю. Аль-Хамві адзначыў, што няма звестак пра тое, што «Ахрар аш-Шам» («Ісламскі рух свабодных людзей Шама» - заўв.) надало падтрымку «Камітэту вызвалення Леванта». Аднак ён пацвердзіў прыбыццё ў Тайбет-эль-Імам падмацавання з «Туркестанскай ісламскай партыі».

Аль-Хамві падкрэсліў, што апалчэнне рэжыму панесла вельмі вялікія страты, што робіць спробы прасунуцца да Хан Шайхуну вельмі дарагімі ў плане чалавечых страт. Больш за тое, рэжыму цяжка прадаўжаць цяжкае бамбаванне ў Ідлібе, бо гэтая правінцыя ў асноўным складаецца з гарадскіх раёнаў. Марэк і Хан Шайхун таксама ўяўляюць сабой пункты, якія палягчаюць апазіцыі задачу іх абароны.

З іншага боку, сілы рэжыму праводзяць трэніровачныя аперацыі, каб замаскіраваць (схаваць) свае базы ў Дар’а, падпальваюць шыны і выкарыстоўваюць матэрыялы, якія маюць густы дым пры гарэнні. Дым хавае вайсковы аэрапорт «Эль-Саала» ў горадзе Сувайда, «Брыгаду 12», батальён «Артылерыя 248», «Брыгаду 15» у Інхіле і вайсковыя часткі ў горадзе Эзра. Ахмед Хаўрані, карэспандэнт Al Modon, кажа, што «відавочна, пад выглядам манеўраў з выкарыстаннем дыму, яны хочуць ўвесці ў зман «варожыя» паветраныя судны, няхай гэта будуць вайскоўцы або выведка. Некаторыя актывісты мяркуюць, што такія аперацыі праводзяцца з мэтай схаваць факт транспартавання або захоўвання зброі ў рэгіёне.

Апошнія навіны