BE RU EN

У Эўразвязе ўзгаднілі пазіцыю на перамовах пра Brexit

  • 29.04.2017, 15:46

Лідары 27 краінаў Эўразвяза за 15 хвілінаў зацвердзілі прапанаваны Дональдам Тускам праект прынцыпаў.

Лідары 27 краінаў-удзельніцаў ЭЗ узгаднілі прынцыпы будучых перамоваў з Вялікай Брытаніяй пра выхад краіны з супольнасці, піша liga.net.

27 лідараў зацвердзілі праект рэкамендацыяў менш, чым за 15 хвілінаў. Асноўныя пункты прапанаваў 31 сакавіка старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.

Туск у Twitter напісаў, што "цвёрды і справядлівы палітычны мандат" для перамоваў гатовы.

У праекце Туска як асноўны прынцып пазначана, што Брытанію хочуць бачыць у будучыні як блізкага партнёра ЭЗ.

Галоўная мэта перамоваў – забяспечыць Вялікай Брытаніі спарадкаваны выхад з ЭЗ, мінімізаваць звязаныя з гэтым збоі. Таксама асобна вылучаны намер мінімізаваць імаверныя страты ў гандлі.

У фінансавым плане абодва бакі павінны прытрымлівацца ўзятых на сябе раней абавязальніцтваў.

У ЭЗ таксама адзначылі, што знойдуць новыя лакацыі для размяшчэння адміністрацыйных органаў, якія цяпер знаходзяцца ў Брытаніі.

Перамовы Эўразвяза з Вялікай Брытаніяй пачнуцца 8 ліпеня.

Нагадаем, 29 сакавіка Вялікая Брытанія афіцыйна заявіла Эўрапейскай радзе пра намеры пакінуць ЭЗ.

Апошнія навіны