BE RU EN

Цяньцзыньскі ўніверсітэт пачне набор на спецыяльнасць «беларуская мова»

  • 29.04.2017, 13:00

Вышэйшая навучальная ўстанова стане другой у Кітаі, дзе выкладаецца гэтая спецыяльнасць.

Першы набор на спецыяльнасць «беларуская мова» пройдзе летам у Цяньцзыньскім універсітэце замежных моваў (ЦУЗМ), паведамілі БелТА ў амбасадзе Беларусі ў КНР.

ВНУ стане другой у Кітаі, дзе выкладаецца гэтая спецыяльнасць. Беларускую мову ўжо вывучаюць у Другім пекінскім універсітэце замежных моваў. Тэма пашырэння навучання беларускай мове ў ліку іншых абмяркоўвалася ў час сустрэчы надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў КНР Кірыла Рудога з рэктарам ЦУЗМ Сюй Ганом.

Акрамя таго, разглядаліся пытанні супрацоўніцтва ў цэлым у сферы адукацыі і іх перспектывы. Сустрэча прайшла ў час міжнароднай канферэнцыі «Кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі ў рамках канцэпцыі "Адзін пояс – адзін шлях"», у якой удзельнічаў беларускі дыпламат. Мерапрыемства было арганізаванае ў Цяньцзыньскім універсітэце замежных моваў пры ўдзеле кітайскіх і беларускіх ВНУ. З беларускага боку на канферэнцыі былі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Апошнія навіны