BE RU EN

Такога халоднага красавіка не было 20 гадоў

  • 29.04.2017, 10:33

Сёлета красавік надта ўжо няўтульны.

Паводле словаў сіноптыкаў, так доўга холадна, як цяпер, у красавіку было толькі 20 гадоў таму – у 1997 годзе.

У апошнія дні на большай частцы краіны сярэднясутачная тэмпература была на 2 – 6 градусаў ніжэй за кліматычную норму, піша kp.by.

Тое, што халодна, заўважылі і менчукі. Бо праз пару дзён надыдзе травень, а ў кватэрах па-ранейшаму грэюць батарэі! Як кажуць энэргетыкі, адключаюць ацяпленне не паводле даты календара, а паводле варункаў надвор'я.

– Паводле правілаў мы адключаем ацяпленне, калі на вуліцы сярэднясутачная тэмпература цягам трох дзён запар не падае ніжэй за 8 градусаў альбо пры спрыяльным кароткатэрміновым прагнозе, – распавёў «Камсамолцы» кіраўнік аддзела энэргетыкі кіравання гарадской гаспадаркі і энэргетыкі Менгарвыканкама Дзмітрый Плашкоў. – Да нас штодня прыходзіць інфармацыя ад сіноптыкаў. І цяпер у нас няма падставаў планаваць адключэнне ацяплення ў жыллёвым фондзе, а таксама ва ўстановах сацыяльнага прызначэння – школах, дзіцячых садках, лякарнях.

А вось у адміністрацыйных будынках ацяпленне адключылі яшчэ ў пачатку красавіка і вяртаць туды цяпло не збіраюцца да наступнай восені.

– Для ўключэння ацяплення павінны быць падставы. Калі б адбылося нешта выключнае, напрыклад наступілі марозныя дні на доўгі час, напэўна, прынялі б адпаведныя меры, – кажа Зміцер Плашкоў. – Бывалі гады, калі мы адключалі ацяпленне ў пачатку і ў сярэдзіне красавіка. Напрыклад, была суровая зіма, але яна заканчваецца рана. Як мы бачым, апошнія два гады зіма зацяжная і вясна няўстойлівая. Летась у Менску канчатковая падача цяпла была спыненая 3 траўня.

Тым часам

Цяпер у Беларусі кантраставае надвор'е. У апошнія дні розніца тэмператураў дасягала 21 градуса: калі ў мінулы чацвер у Оршы было +3, то ў Брагіне пацяплела да +24! Мала што зменіцца і ў найбліжэйшы час: цяплей за ўсё будзе на паўднёвым усходзе, халадней – у цэнтральных раёнах. Не абыдзецца і без дажджоў. І ўсё ж для многіх рэгіёнаў травень пачнецца з больш цёплага надвор'я.

– У нядзелю ўначы чакаецца ад +2 да +9. Удзень будзе ад +8 да +15, – кажа кіраўнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Гідрамета Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў. – У панядзелак, 1 траўня, будзе дажджліва і пахмурна. Уначы прагназуецца ад +1 да +8, а ўдзень ад +7 да + 14. На паўднёвым усходзе краіны і зусім чакаецца ад +15 да +22.

У аўторак удзень абяцаюць ад +11 да +18. На поўдні паветра прагрэецца да +22. У сераду, 3 траўня, удзень ад +10 да +17, а на поўдні да +20. У чацвер днём ад +9 да +16, а на паўднёвым усходзе да +22.

Толькі лічбы

Самы халодны красавік быў 62 гады таму.

Паводле словаў сіноптыкаў, за ўсю гісторыю метэаназіранняў самы халодны красавік у Беларусі здарыўся ў 1955 годзе. Тады сярэднямесячная тэмпература складала ўсяго 2,5 градуса. Самы ж цёплы красавік быў у 2000 годзе, калі сярэднямесячная тэмпература дасягнула амаль 11 градусаў і перавысіла кліматычную норму на 5 градусаў.

А вось самая нізкая тэмпература была зафіксаваная 5 красавіка 1956 года ў гарадскім пасёлку Езярышча, што ў Віцебскай вобласці. Там слупок тэрмометра спыніўся на адзнацы 20 градусаў са знакам мінус! Яшчэ адзін рэкорд быў усталяваны ў гарадскім пасёлку Лельчыцы, што ў Гомельскай вобласці: 29 красавіка 2012 года там было +31.

Апошнія навіны