BE RU EN

Што за дзіўны ветэран з'явіўся ў Горадні на плакаце да 9 Траўня?

  • 28.04.2017, 8:20

Замест герояў-франтавікоў, як Васіль Быкаў, беларусам прапаноўваюць нейкіх «калядоўшчыкаў» з РФ з памятнымі знакамі ад Гітлера.

Вялікі плакат, прызначаны для школ, воінскіх частак і іншых грамадскіх устаноў, быў заўважаны ў адной з кнігарняў Горадні, піша «Новы Час».

На ім хрэстаматыйны сюжэт: віншаванне з Днём Перамогі, выявы савецкіх узнагарод, дзяржаўны герб, фота ветэрана... Але што за ветэран на фота?

У 13 на фронце, у 20 — у Крамлі...

Высветлілася, што гэта вядомы ў інтэрнэт-прасторы Леў Гіцэвіч, 1928 года нараджэння. Паводле легенды самога Льва Аляксандравіча, ён збег на фронт у 13 гадоў і паспеў далучыцца да абароны Масквы, пазней працаваў у апараце абслугоўвання Крамля пры Сталіне і Хрушчове, цяпер прэзідэнт дабрачыннага фонду, сябра «Адзінай Расеі» і вялікай колькасці грамадскіх арганізацый.

Фота Гіцэвіча у гімнасцёрцы і касцы стала іконай для расейскай прапаганды: яго выкарыстоўваюць на плакатах, малюнках, носяць партрэт Льва Аляксандравіча падчас мітынгаў. Сам ён любіць хадзіць на рознага роду масавыя акцыі, часцяком трапляе ў кадр. Вобраз сапраўды характэрны, прабівае на слязу.

Ордэн Вялікай Айчыннай і казацкія крыжы

Вось толькі калі паглядзець на фота, то незразумела, якое Гіцэвіч мае званне: то з пагонамі палкоўніка, то шараговага, то старэйшага лейтэнанта. Пагоны таксама — то танкавых войскаў, то звычайных стралковых частак. Белагвардзейскі шаўрон ў колерах трыкалора на рукаве гімнасцёркі чырвонаармейца наогул не вытрымлівае крытыкі.

З ПАГОНАМІ ПАДПАЛКОЎНІКА

Калі разбірацца ў іканастасе медалёў і ацэнак, то тут наогул «чорт нагу зломіць»: і ордэн Вялікай Айчыннай, і казацкі знак «ЛІЕНЦ-1945» (памятнае адрозненне казакоў, якія ваявалі на баку Гітлера), і польскія ўзнагароды, і вялікі праваслаўны крыж, і... звычайная брошка. Аб тым, што парадак нашэння знакаў і ўзнагарод парушаны, наогул гаворкі няма.

ВЫДЗЕЛЕНЫ ПАМЯТНЫ КРЫЖ КАЗАКОЎ-КАЛАБАРАЦЫЯНІСТАЎ ЛІЕНЦ-1945

СПС, «Начныя ваўкі», казакі і фашысты

Гіцэвіч не застаецца ў баку і ад грамадскага жыцця. То раздае ўлёткі дэмакратычнага «Саюза Правых Сіл», то пазіруе побач з «Начнымі ваўкамі», то адкрывае помнікі Краснову і Шкуро (белагвардзейцы, якія падтрымалі Гітлера) разам з казакамі і голымі прыхільнікамі фашызму ў чорных кашулях і са свастыкамі на майках.

Стаўленне да Другой Сусветнай вайны ў беларусаў, безумоўна, можа быць розным. Але навошта размяшчаць на плакатах дзяржаўнага назначэння настолькі сумнеўных персанажаў? Няўжо гэта не абраза для сапраўдных ветэранаў?..

Дарэчы, плакатаў з партрэтамі Васіля Быкава, Янкі Брыля, Максіма Танка або любога іншага сапраўднага франтавіка побач заўважана не было.

Апошнія навіны