BE RU EN

Музыка са сцягам «ДНР»: Туры нам арганізоўвае старшыня аблвыканкама Шапіра

  • 27.04.2017, 10:54

З 1 траўня гурт «СССР» пры падтрымцы ўладаў дасць 26 канцэртаў у гарадах Менскай вобласці.

Гарачую дыскусію ў беларускім інтэрнэце выклікалі здымкі з Сеніцкага дома культуры, у грымёрцы якога салісты мясцовага гурта «СССР» развесілі сцягі фэйкавых «рэспублік» так званай «Наваросіі».

На фоне гэтай сімволікі мела неасцярожнасць сфатаграфавацца нават спявачка Жанэт, а кіраўніцтва клуба ў гэтым ніякай праблемы не пабачыла.

«Наша Ніва» звязалася з гуртам «СССР», каб высветліць, чым яны кіраваліся, прывозячы ў Беларусь сімволіку «ДНР».

На пытанні журналістаў адказаў саліст гурта Аляксандр Жадан — калегі сказалі, што ён умее «правільна казаць».

Спявак пачаў са сустрэчнай крытыкі тых, хто лаяў гурт «СССР» у інтэрнэце.

«Нас крытыкавалі людзі, якія не ведаюць, што такое вайна. Як сабачкі: усе брэшуць і мы пабяжым-пабрэшам. Тыя, хто нас крытыкуюць — яны стаяць на баку фашыстаў. А гэтыя клерыкалы, якія пачынаюць ім падпяваць... Людзі, кажу вам, паехалі са мной — у мяне месца ў аўтобусе знойдзецца для двух-трох чалавек. Паглядзіце, як там жывуць», — сказаў ён і растлумачыў, чаму павесіў у грымёрцы (і не толькі) сцяг «ДНР».

«Чаму сцяг «ДНР»? Перш за ўсё, я адтуль родам. Гэта мая радзіма. Нарадзіўся я ў Луганску, потым жыў нейкі час у Крыме, потым бацькі атрымалі кватэру ў Данецку. Далей я вучыўся ў Разані, ваяваў у Афганістане, потым перавёз бацькоў у Беларусь, даслужваў тут у Віцебскай дывізіі. Я чалавек у мінулым вайсковец, прайшоў дзве вайны, двойчы быў паранены, атрымаў тры кантузіі, пайшоў у творчасць. А што тычыцца назвы гурта, то я — жыхар Савецкага Саюза, ён у душы ў мяне жыве. Не тое каб хачу вярнуць усё, а менавіта стасункі, якія раней былі. І калі гінуць жанчыны і дзеці... Мы ў «Наваросіі» амаль 200 канцэртаў далі з 2014 года — ездзілі там, дзе ніхто не ездзіў. У людзей вочы гараць пасля нашых канцэртаў», — распавядае Аляксандр.

Спявак таксама дадаў, што адразу пасля публікацыі ў СМІ яму патэлефанавалі «з адміністрацыі» і загадалі зняць сцягі, але ён, маўляў, адмовіў.

«Мне спадабалася, як яны хутка патэлефанавалі, не разабраўшыся ў сітуацыі: «Так, хутка паздымалі ўсе сцягі». Пачакайце, чаму я ў сваёй студыі павінен здымаць сімволіку «Данецкай рэспублікі»? У мяне на адной сцяне сцяг «Металурга» жоўта-блакітны, на іншай — «ДНР». Наша адміністрацыя, не разабраўшыся... Я патэлефанаваў у ідэалагічны аддзел Менскай вобласці, я з імі вельмі добра сябрую. Вось, Таццяна Мікалаеўна (Хмель — намеснік начальніка аддзела ідэалогіі — рэд.), Галіна Тадэўшаўна, выдатныя людзі — сапраўдныя ідэолагі. Я так, чыста з боку як бы пацікавіўся, як вы ставіцеся да такой сітуацыі? Яны кажуць — негатыўна, мы не хочам, каб у нас тут дома было такое, усё залежыць ад нас. Таму нашы патрыятычныя песні і тое, што нас усюды запрашаюць — гэта довад правільнай пазіцыі», — перакананы Аляксандр Жадан.

Як сказаў саліст гурта «СССР», у Беларусі ім арганізоўвае туры старшыня аблвыканкама Менскай вобласці Сямён Шапіра.

«У Беларусі ў нас цяпер вялікі тур ладзіцца, зноў жа, дзякуючы адміністрацыі — старшыні. На ягонае запрашэнні, на прапанову, цяпер будзе ў нас 26 канцэртаў у гарадах Менскай вобласці. Першы — у Слуцку, пачынаючы з 1 траўня. Прымаюць нас выдатна ў Беларусі. А Расея проста на кавалкі ірве. Мы вось цяпер збіраемся: Калыма, Магадан, Якуція з вялікімі гастролямі. Потым ва Уладзімір. У вайсковыя часткі на Данбас запрашаюць. А на той бок (ва Украіну) я не паеду, каб мяне потым сябры з турмы не даставалі. Не тое каб яны нас як ворагаў успрымаюць, але я ж і ў Крыме быў. Памятаю, у 2014-м годзе, разам з «Любэ». Званок нам з упраўлення справамі расейскага прэзідэнта. Кажуць, хлопцы, заўтра а восьмай раніцы вы павінны быць на ўрадавай стаянцы ва «Унукава». Прыязджаем на сваім бусе, там «Любэ». А куды ляцім, кажу? «А ляцім у Крым, ён стаў нашым», — адказваюць. Для мяне гэта як бальзам — я там жыў, для мяне гэта таксама радзіма. І мы ў Севастопалі далі шыкоўны канцэрт. Гэтая дзяўчынка-інвалідка Юлія Самойлава — яна таксама з намі была ў Крыме, а цяпер на «Еўравізію» не пускаюць. Таму я кажу — не трэба артыстам перашкаджаць палітыкай», — выказаўся Аляксандр і перайшоў да таго, што бачыў на Данбасе.

«Я пісаў песню «Данбас у агні». Яны ж там (украінцы) жудаснае робяць. Выставілі на лініі судакранання паходныя крэматорыі і, каб не гаварыць маці, проста спальваюць іх там, а потым пішуць, што жаўнер прапаў без вестак. А крэматорыі працуюць і ўдзень і ўночы»,—падзяліўся нібыта ўбачаным Аляксандр і прызнаўся, што з-за яго пазіцыі многія спынілі з ім стасункі.

Пры гэтым лідар «СССР» шчыра кажа, што корміць іх Расея.

«У нас 90% гастроляў па Расеі. Смаленскі губернатар аўтобус нам падарыў, апаратуру... Ёсць людзі, якія дапамагаюць. Франц Клінцэвіч, напрыклад, — наш зямляк з Ашмянаў, мой баявы таварыш. Ён правобраз капітана Аляксея Серабракова з фільма «9 рота», калі глядзелі. Запрашэнні ён часта нам дасылае, вядома, не бясплатна, нам за гэта добрыя ганарары плацяць. Ну і ў мяне вайсковая пенсія, расейская — я перавёў туды. Блізу тысячы даляраў у мяне пенсія. Спадзяюся, што і ў іншых афіцэраў неўзабаве будуць высокія пенсіі», — выказаў надзею Жадан.

Пры гэтым пераязджаць у Расею ён не хоча:

«Ні за што не пераеду, хоць пашпарт маю расейскі. Нам жа асаблівым прэзідэнцкім указам выдалі пашпарты! Усіх Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджвае медалямі і ордэнамі, а нас —прапіскай смаленскай і пашпартамі. Ведаеце, гэта не забаронена. Камітэт (КДБ) запрашаў, пытаюцца, а я кажу — божухна, ну задайце гэтае пытанне Уладзіміру Уладзіміравічу, чаму ён нам зрабіў такі падарунак. Мы ж з Беларусі ўсё роўна не выязджаем і не паедзем —у нас тут сем'і. У мяне трое дзяцей тут.

Толькі аднойчы мяне абурыла ў адным беларускім горадзе на 9 траўня, мы прыехалі, а нам кажуць: давайце ў вайсковай форме не будзем выступаць, у вас шмат лірыкі, давайце яе, хай людзі патанчаць, свята ўсё ж. А я кажу — гэта наша гісторыя. Народ, які забывае гісторыю, ператвараецца ў статак, прыклад — мае землякі».

Апошнія навіны