BE RU EN

Статкевіч праінфармаваў улады пра акцыю 1 траўня

  • 27.04.2017, 10:22

Акцыя пачнецца а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзенні 1 траўня святочнага сходу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, паведамляе «Радыё Свабода».

«У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, паведамляю пра намер Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу далучыцца да святкавання дзяржаўнага свята - Дня Працы 1 траўня, і правесці ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менска святочны сход», - гаворыцца ў заяве.

Са слоў Статкевіча, акцыя павінна пачацца а 14 гадзіне.

«У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра наш намер правесці 1 траўня святочны сход за 5 дзён да яго пачатку.

Прапаную выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i правядзення акцыі і гарантаваць бяспеку», - напісаў Мікалай Статкевіч.

Раней Мікалай Статкевіч паведаміў, што БНК правядзе сваю акцыю 1 траўня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.

Сёння стала вядома, што Менгарвыканкам дазволіў правесці мітынг 1 траўня на сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў. Але адмовіў у правядзенні шэсця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, як замаўлялі незалежныя дэмакратычныя прафзвязы.

Апошнія навіны