BE RU EN

Беларуская навука «трымаецца» на пенсіянерах

  • 27.04.2017, 9:40

Дзяржава не можа нічога зрабіць для прыцягнення моладзі да навуковай дзейнасці.

Сёння аснову беларускай навукі складаюць людзі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Страта прэстыжу навуковай сферы, невысокія заробкі навукоўцаў-пачаткоўцаў - усё гэта паўплывала на тое, што моладзь у навуку не ідзе.

Праблему адсутнасці маладых кадраў у навуцы пацвердзіў ej.by і старшыня Навуковай рады Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, акадэмік Сяргей Гапаненка: «У Беларусі ў навуковай сферы ёсць тэндэнцыя старэння навуковых кадраў, вельмі мала маладых дактароў навук. Пры прыёме заявак на стыпендыю прэзідэнта гэтая праблема таксама кідаецца ў вочы. Так, прысуджаецца прыкладна амаль 100 стыпендый, і ў намінацыі «Маладыя дактары навук да 45 гадоў» мы з цяжкасцю набіраем 10 прэтэндэнтаў».

Гэтую праблему акадэмік збольшага тлумачыць тым, што ў 90-я гады ў навуку ішло мала моладзі.

«У 90-я гады ў краіне адбыўся цяжкі эканамічны крызіс, звязаны з распадам СССР, памяняліся варункі працы ў навуцы, паўсталі новыя сферы дзейнасці, і тады ў навуку прыйшло мала маладых людзей», - адзначыў Сяргей Гапаненка.

Акрамя гэтага, экспэрты заяўляюць і пра інтэнсіўны адток з навукі даследчыкаў сярэдніх узростаў, што парушае інстытут пераемнасці ведаў і досведу, узнаўлення навуковых кадраў.

Сённяшнюю праблему старэння кадраў у беларускай навуцы акадэмік назваў сур'ёзнай, але адзначыў, што яе, наколькі гэта магчыма, спрабуюць развязаць.

Так, у краіне існуе сістэма заахвочванняў маладых людзей, якія займаюцца навукай: ёсць праграмы выдачы грантаў і стыпендый, акрамя гэтага, маладым навукоўцам даюцца розныя льготы. Таксама ў падтрымцы таленавітай моладзі палягае адная з галоўных задач беларускага Фонду фундаментальных даследаванняў, які існуе ў Беларусі з 1991 года.

Калі навука адарваная ад жыцця

Яшчэ адной немалаважнай праблемай у беларускай навуцы, на якую звярнуў увагу акадэмік, з'яўляецца вялікі разрыў паміж лабараторыяй і вытворчасцю. Іншымі словамі, навука ў нашай краіне не мае амаль ніякага практычнага выкарыстання.

Гапаненка са шкадаваннем адзначыў, што ў Беларусі невялікая навукаёмістасць ВУП. Так, у краінах з развітай эканомікай гэтая лічба перасягае 3%. У Беларусі ж гэтая лічба больш за 20 гадоў меншая за 1%. У такіх варунках гаворыцца, што навука не можа ўплываць на эканоміку, адзначыў навуковец.

«Сёння вельмі мала супрацоўнікаў з навуковымі ступенямі працуе на прадпрыемствах. А трэба, каб беларускія аспіранты ішлі працаваць у розныя кампаніі, як гэта адбываецца ў еўрапейскіх краінах. У нас жа яны альбо старэюць у інстытутах, альбо працуюць у ВНУ (і гэта яшчэ не самы горшы варыянт), альбо ўвогуле мяняюць прафесію», - сказаў Сяргей Гапаненка.

А трэба, мяркуе навуковец, каб быў сталы адток мазгоў, навукоўцаў у вытворчасць. Вельмі важна, каб распрацоўкі навукоўцаў укараняліся і выкарыстоўваліся. Наогул, было б правільна, калі б вытворчыя арганізацыі бралі ў штат аспірантаў, а тыя ўжо распрацоўвалі тое, што трэба рэальнаму сектару.

Ці атрымаецца адрадзіць навуку?

Сітуацыя ў навуковай сферы, якая склалася ў Беларусі, паказвае, што комплекс захадаў для прыцягнення моладзі, які рэалізуецца дзяржавай, усё ж пакуль з'яўляецца недастатковым. А пра тое, што назапашаныя праблемы ў беларускай навуцы патрабуюць сур'ёзнага разгляду, адзначалася ўжо не раз экспэртамі. На іх думку, праблему старэння кадраў, адарванасці навукі ад рэальнага рынку і многія іншыя праблемы, магчыма, дапамагло б развязаць сур'ёзнае рэфармаванне ўсёй навуковай сферы.

Апошнія навіны