BE RU EN

Беларусы не даруюць тым, хто іх абакраў

  • Генадзь Фядыніч
  • 26.04.2017, 8:36

Улады не заўважылі, наколькі змяніўся народ.

Пра гэта Charter97.org заявіў лідар Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

- У Беларусі яшчэ не астыла абурэнне дэкрэтам аб «дармаедах», а ў «пасланні народу і парламенту» дыктатар доўга і шматслоўна казаў аб вяртанні савецкіх мер барацьбы з непрацоўнымі. Як вы гэта пракаментуеце?

- Сказаць па праўдзе, я не ведаю, што ён там сабе надумаў. Але цяпер людзі ў Беларусі зусім не тыя, што былі ў савецкі час.

Я сёння пачуў адну добрую фразу ад жанчыны, якая выйшла з крамы. Яна сказала: «Такое адчуванне, што мяне абакралі».

Такі настрой цяпер не толькі ў гэтай жанчыны, а ў пераважнай большасці беларусаў. Людзі бачаць, што дзяржава ім нічога не дае, а толькі адбірае.

Калі Лукашэнка наважыў зрабіць штосьці накшталт «працоўных лагераў» для беспрацоўных – то ў яго гэта не атрымаецца. Народ не «праглынуў» дэкрэта №3 – і тым больш не дазволіць над сабой новых эксперыментаў.

Незадаволенасць дэкрэтам №3 у грамадстве засталася і засталася на вельмі высокім узроўні. Калі Лукашэнка думае, што «ўціхамірыў» кагосьці разгонамі мірных акцыяў на Дзень Волі – не, ён вельмі памыляецца. У абураных людзей сёння вельмі шмат пытанняў да ўлады і асабіста да Лукашэнкі. Гэта не толькі дэкрэт №3. Гэта і так званая «пенсійная рэформа», і дарожны збор, і пастаянны рост кошту паслуг ЖКГ (з якімі так і не разабраліся на сёння), і велізарнае мноства вострых сацыяльных праблем.

Беларускі народ стаў сёння зусім іншым, чым нават пару гадоў таму. І акцыі пратэсту будуць рыхтавацца і працягвацца з новай сілай. Выжыць на такія мізэрныя заробкі, як сёння, стала проста немагчыма.

Рабіць з людзей, якія хочуць працаваць і зарабляць, «дармаедаў» ды яшчэ і пагражаць ім «працоўнымі лагерамі» - гэта, прабачце, ужо перабор. Гэта недапушчальна для любой дзяржавы, у тым ліку і для Беларусі.

Адзіны выхад для ўлады з гэтай сітуацыі – гэта знайсці ў сабе смеласць, садзіцца за круглы стол і думаць, якім чынам зрабіць жыццё ў Беларусі камфортным для яе грамадзян і гасцей. Безумоўна, гэта адбудзецца ўжо без Лукашэнкі.

- Як прафсаюзны лідар вы часта бываеце ў іншых краінах, дзе патрабуецца абараняць правы працоўных. Як бы вы параўналі сітуацыю ў Беларусі і Венесуэле, дзе маштабны эканамічны крызіс прывёў да масавых народных пратэстаў?

- На шчасце, у Венесуэле я не быў. Сітуацыя там нашмат больш жорсткая: людзям банальна не хапае самай неабходнай ежы і пітва. Улады давялі народ там да такой ступені адчаю, што ніхто ўжо ні ў каго не пытаецца, а проста нападае на харчовыя крамы.

Не хацелася б, каб і ў Беларусі да гэтага дайшло. Але калі ўжо рабіць параўнанні, то адно кідаецца ў вочы: і тут, і там няма ніякай дэмакратыі. У Венесуэле дыктатура, і ў Беларусі дыктатура. І нідзе народ не будзе цярпець дыктатарскія рэжымы.

У Венесуэле ўлады давялі народ да крайнасці, і ў Беларусі дзяржава людзей падманула. Народ гэта ведае і бачыць, і не мае намеру дараваць тым, хто яго падмануў.

Апошнія навіны