BE RU EN

Яўген Афнагель: Шукаць логіку ў дзеяннях уладаў складана

  • 24.04.2017, 16:10

Чым больш сціскаць спружыну народнага гневу, тым мацней яна ўдарыць, калі распрастаць.

Пра гэта, каментуючы так званую «справу Белага легіёну», заявіў сайту Charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- Чаму ўлады зноў пайшлі на рэпрэсіўныя дзеянні, у якіх вельмі лёгка давесці палітычны падтэкст?

- Шукаць логіку ў дзеяннях уладаў складана. Гэта датычыцца і масавых арыштаў у сакавіку, і разгону акцыі ў Дзень Волі, і «справы патрыётаў». Мабыць, ініцыятарам рэпрэсій здаецца, што такім чынам можна захаваць рэжым. Але захоп новых закладнікаў не развяжа праблем з падзеннем заробкаў і пенсій, не дапаможа спыніць рост коштаў і камунальных аплатаў і тым больш не паменшыць узровень нянавісці беларусаў да ўладаў. Наадварот, як паказвае досвед іншых краін, чым больш сціскаць спружыну народнага гневу, тым мацней яна ўдарыць, калі распрастаць.

- Што трэба рабіць, каб рэальна дапамагчы фігурантам «справы патрыётаў»?

- Беларускай апазіцыі не раз атрымоўвалася дамагчыся вызвалення вязняў рэжыму. Для гэтага неабходна мець тры рэчы.

Праваабаронцам трэба прызнаць відавочны факт: у краіне з'явіліся блізу 20 новых палітычных зняволеных. Магчыма, нават гэтага кроку будзе дастаткова для вызвалення удзельнікаў «справы патрыётаў». Калі ж некаторыя праваабаронцы будуць чакаць суда, то колькасць вязняў рэжыму можа вырасці, бо іншага спосабу размовы з апанентамі, акрамя рэпрэсій улады не ведаюць.

Заходнім краінам і міжнародным арганізацыям трэба заняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі і тым супрацоўнікам спецслужбаў, сілавікам, суддзям, якія парушаюць законы. Натуральна, што супраць іх неабходна ўвесці санкцыі. А ўсякія далейшыя размовы еўрапейскіх чыноўнікаў з беларускімі ўладамі патрэбна пачынаць з патрабавання спыніць рэпрэсіі.

Патрэбная салідарнасць з арыштаванымі ўнутры краіны. Ужо цяпер сотні беларусаў адгукнуліся на заклік аб зборы сродкаў для іх сем'яў, распаўсюджваюць інфармацыю пра вязняў у сеціве. Патрабаванне вызваліць удзельнікаў «справы патрыётаў» і заклік да салідарнасці з імі павінны гучаць на вулічных акцыях апазіцыі, у заявах вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, у незалежных СМІ.

Упэўнены, што ўсе разам мы зможам дамагчыся і хутчэйшага выхаду на свабоду вязняў рэжыму, і спынення рэпрэсій.

Апошнія навіны