BE RU EN

Як праз аднаго берасцейскага бюракрата ўзніклі вялізныя чэргі

  • 23.04.2017, 18:21

Тыповы прыклад беларускага кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства, які ў яго развіцці не зацікаўлены.

Пра цікавую сітуацыю ў Берасці паведаміла «Трибуна».

На першы хатні матч берасцейскага «Дынама» супраць БАТЭ ў чэмпіянаце краіны-2017 прыйшоў 9100 гледачоў. Аднак на стадыёне працавала ўсяго шэсць пунктаў харчавання. Падчас перапынку каля іх сабраліся вялізныя чэргі. Булачкі і растваральная кава хутка зніклі з прылаўкаў.

Аляксей Русак, адзін з арганізатараў матчу, патлумачыў, чаму так адбылося:

– Справа ў тым, што дырэктар АСК «Брэсцкі» Казімір Рынгевіч моцна перашкаджае развіццю клубнага маркетынгу. Апошні прыклад – размяшчэнне пунктаў харчавання на тэрыторыі спарткомплексу. Чалавек проста не хоча нікога пускаць на стадыён. На гульні з БАТЭ мы хацелі паставіць на стадыёне дадатковыя пункты грамадскага харчавання. Дамовіліся аб супрацоўніцтве з вядомымі ў Берасці ўстановамі... У дзень матчу людзі прыехалі на стадыён, але дырэктар адмовіўся даць ім крыніцу электраэнэргіі. Выйшла зусім непрыемная сітуацыя.

Сам Казімір Рынгевіч патлумачыў, што ў прадпрымальнікаў не было дазволу «Энэрганагляду» на падключэнне да электрычных сетак (дазвол на гандаль быў).

Пры гэтым, як адзначае «Трибуна», на большасці беларускіх стадыёнаў такія пытанні вырашаюцца без папяровай цяганіны – дастаткова вуснай дамоўленасці з кіраўніцтвам арэн.

Абмяркоўваючы сітуацыю, інтэрнэт-карыстальнікі называюць дырэктара АСК «Брэсцкі» тыповым прыкладам беларускага кіраўніка дзяржаўных прадпрыемстваў, які на самай справе ў яго развіцці не зацікаўлены.

Апошнія навіны