BE RU EN

Атрымаць пашпарт у кароткі тэрмін стане даражэй

  • 22.04.2017, 19:27

З 26 красавіка змяняюцца тэрміны выканання і сума аплаты некаторых працэдур падраздзяленняў грамадзянства і міграцыі.

Так, з 0,5 да 1 базавай адзінкі (на гэты момант базавая адзінка складае 23 рублі — заўвага) вырасце сума дадатковай платы за выдачу і абмен у паскораным парадку (за 15 дзён з дня падачы заявы) беларускага пашпарта або дазволу на жыхарства замежнага грамадзяніна і асобы без грамадзянства, піша tut.by са спасылкай на МУС.

Акрамя таго, падраздзяленні грамадзянства і міграцыі, размешчаныя ў Менску і абласных цэнтрах, за дадатковую плату 2 базавыя адзінкі цяпер будуць выдаваць і абменьваць пашпарты або дазволы на жыхарства ў неадкладным парадку — за 7 дзён з дня падачы заявы. Скарыстацца гэтай паслугай змогуць толькі грамадзяне, зарэгістраваныя ў сталіцы, а таксама абласных цэнтрах і Менскім, Берасцейскім, Віцебскім, Гомельскім, Гарадзенскім і Магілёўскім раёнах. У астатніх рэгіёнах Беларусі мінімальны тэрмін выдачы і абмену пасведчанняў асобы застанецца ранейшым — 15 дзён.

Каб разлічыць канчатковую вартасць кожнай з названых адміністрацыйных працэдур, трэба да сумы абавязковага дзяржаўнага збору (1 базавай адзінкі) дадаць суму дадатковай платы.

Яшчэ адна навацыя тычыцца выдачы выязных, выязных-уязных віз і запрашэнняў у Беларусь замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства. Ва ўсіх падраздзяленнях грамадзянства і міграцыі краіны ўводзіцца неадкладны парадак ажыццяўлення гэтых працэдур. За дадатковую плату 3 базавыя адзінкі выязную, выязную-уязную візы або запрашэнне зробяць за 1 дзень з дня падачы заявы.

Апошнія навіны