BE RU EN

Беларускія музыкі дамагліся выдалення прапагандысцкага фільма

  • 22.04.2017, 18:46

Музыкі падалі скаргу на БТ, бо афіцыйны канал без дазволу гурта выкарыстаў іхнюю кампазіцыю.

На просьбу беларускіх музыкаў з гурта Irdorath сэрвіс Youtube выдаліў фільм Белтэлерадыёкампаніі «Белы легіён чорных душ».

Адзін з стваральнікаў гурта Уладзімір распавёў «Свабодзе», што музыкі падалі скаргу на тэлеканал, бо той без дазволу гурта выкарыстаў іхнюю кампазіцыю.

«Мы сваю музыку ніколі не асацыявалі з палітыкай, а пагатоў з дзяржаўнай прапагандай. Пагатоў пад такім зместам мы б ніколі не падпісаліся. Гэты фільм быў зроблены на замову пасля вядомых падзей. Наша музыка там гучаць не павінна, і нашага імя там быць не павінна».

Аўтарскія правы на выкарыстаную песню належаць Надзеі, ідэйнай натхняльніцы гурта Irdorath. Менавіта яна падала скаргу. Аднак, са слоў музыкаў, судзіцца з БТ яны не мерацца.

«Судзіцца з такім страшыдлам - гэта трэба жыццё на гэта змарнаваць. Але нас задавальняе і гэты вынік. Youtube адрэагаваў хутка. І пакуль мы не плануем судзіцца», - сказаў Уладзімір.

Без дазволу праваўладальніка ў фільме БТ была выкарыстаная вось гэтая кампазіцыя:

Апошнія навіны