BE RU EN

«Няўжо трэба выйсці на Плошчу, каб нас пачулі?»

  • 22.04.2017, 11:14

Жыхары Масюкоўшчыны гатовыя пратэставаць супраць уладаў.

Напрыканцы 2015 года дом №7 на вуліцы Лынькова ў Менску з вялікай цяжкасцю адбіўся ад незаконнага будаўніцтва крамы «Міла» на зялёнай зоне, проста ля пад'ездаў.

Пад ціскам грамадскай думкі Інспекцыя дзяржбуднагляду адклікала ў ТАА «Парфума Трэйд» ліцэнзію на будаўніцтва, піша сайт bchd.info.

Але людзі радаваліся заўчасна. Сёлета ў сакавіку вугал двара нечакана зноў абгарадзілі, прыбыла тэхніка, спешна пачаліся будаўнічыя працы. «Міла», якая ўсё аплаціць, вяртаецца ў двор плошчай 0,11 га (для адводу вачэй абгароджаная меншая тэрыторыя).

Жыхарам-актывістам другім разам давялося адсылаць калектыўны зварот (107 подпісаў): у адміністрацыю Фрунзенскага раёна Менска, у раённую і гарадскую пракуратуры, у Дэпартаменты тэхніку і буднагляду, у адміністрацыю Лукашэнкі. Аднак ні ўлада, ні наглядныя органы цяпер не адказваюць - як вады ў рот набралі. Ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за парушэнне правоў жыхароў.

«Няўжо трэба выйсці на Плошчу, каб нашу праблему пачулі і спынілі парушэнні ў архітэктуры горада і адміністрацыі Фрунзенскага раёна?» - так піша ў Генеральную пракуратуру жыхарка дому Алена Папковіч.

Заднім лікам, у дадатак да будоўлі, на ТАА аформленая стаянка на 12 месцаў. Не будзе ні каштанаў, ні месца прыпаркаваць аўто, ні горкі для дзіцячых санак. «Міла», прэч з нашага двара!», - патрабуюць жыхары.

Апошнія навіны