У Магілёве хлопец скраў у сваёй дзяўчыны $21 тысячу і прагуляў іх у аўтаматах
- 21.04.2017, 18:38
Гісторыя кахання 26-гадовага магілёўца і 19-гадовай студэнткі-расейкі вылілася ў крымінальную справу.
Дзяцюк скраў у каханай і яе сястры 21 тысячу даляраў, піша sb.by.
Пара пазнаёмілася ў 2016 годзе. Маладзён часта бываў у кватэры сваёй дзяўчыны, у якой яна жыла разам з сястрой - тая таксама вучылася ва ўніверсітэце Магілёва.
Кватэру сёстрам купілі бацькі, а пасля перадалі вялікую суму грошай на куплю яшчэ адной кватэры. Грошы захоўваліся ў хатняй схованцы. Пачкі даляраў хлопец выявіў, калі дапамагаў каханай у прыбіранні кватэры.
Магілёвец не прызнаўся, што выявіў схованку, але кожны раз, прыходзячы ў кватэру, забіраў частку гатоўкі. У выніку ён забраў 21 тысячу даляраў, якія распусціў у гульнявых аўтаматах.
- Згубу выявілі напярэдадні Вялікадня - мама патэлефанавала дочкам і нагадала, што ў «чысты чацвер» трэба пералічваць грошы, каб вадзіліся. Сёстры адкрылі схованку і ахнулі, - распавяла афіцыйная прадстаўніца ўправы Следчага камітэта Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.
Дзяцюк затрыманы. Следчыя прызначылі шэраг экспэртыз, у тым ліку яму трэба прайсці праверку і на магчымую гульнявую залежнасць.