BE RU EN

Сталі вядомыя паўфіналісты Лігі Еўропы

  • 21.04.2017, 10:12

У розыгрышы футбольнай Лігі Еўропы вызначыўся квартэт удзельнікаў паўфінальнай стадыі.

У трох з чатырох паўторных чвэрцьфіналах камандам не хапіла асноўнага часу, паведамляе БелТА.

Толькі ў паядынку бельгійскага «Генка» і гішпанскай «Сельты» спаборнікі ўклаліся ў два таймы, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю 1:1. Гэты вынік цалкам задаволіў гасцей, таму што ў першай гульні на сваім полі ў Віга футбалісты «Сельты» перамаглі з лікам 3:2.

Самым зацяжным атрымаўся матч у Стамбуле паміж турэцкім «Бешыкташам» і французскім «Ліёнам», які выйгралі гаспадары з лікам 2:1. На полі французскага клуба вынік быў такім жа, але на карысць «Ліёна».

У дадатковы час стамбульскага паядынку лік не змяніўся і лёс туру ў паўфінал вызначыўся ў серыі пасляматчавых пенальці, у якой удача была на баку ліёнцаў - 7:6. Ангельскі «Манчэстар Юнайтэд» і бельгійскі «Андэрлехт» у асноўны час паўтарылі вынік матчу ў Брусэлі - 1:1, а ў авертайме Маркус Рэшфорд прынёс перамогу «МЮ» - 2:1.

У Гельзенкірхене нямецкі «Шальке-04» падолеў галандскі «Аякс» 3:2 у дадатковы час, але выбыў з турніру, таму што ў Амстэрдаме «Аякс» перамог з вынікам 2:0 і за кошт мячоў, забітых на чужым полі, атрымаў агульную перамогу па суме двух сустрэч. Раней вызначыліся паўфіналісты галоўнага клубнага турніру Старога Свету-Лігі чэмпіёнаў.

Барацьбу за трафей працягнуць два мадрыдскія клубы - пераможца мінулага розыгрышу «Рэал» і фіналіст «Атлетыка». Акрамя іх, у паўфінал прабіліся футбалісты «Манака» і турынскага «Ювентуса». Лёсаванне паўфінальных пар абодвух турніраў адбудзецца сёння ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.

Апошнія навіны