BE RU EN

У Брытаніі створаны «разумныя» перавязачныя матэрыялы

  • 16.04.2017, 15:04

Найбліжэйшым часам у Брытаніі будуць апрабаваныя матэрыялы, якія змогуць распазнаваць, як гоіцца рана і адсылаць паведамленні пра гэта лекару.

У іх будзе выкарыстоўвацца звышхуткая тэхналогія 5G, каб ацаніць, якое пацыенту неабходнае лячэнне і які ў яго ўзровень актыўнасці.

Гэта вынаходніцтва распрацоўваецца ў Інстытуце біялагічных навук (ILS) пры Універсітэце Суёнсі, паведамляе BBC.

«Тэхналогія 5G - гэта магчымасць стварыць трывалую, надзейную шырокапалосную сувязь, якая будзе пастаянна працаваць на карысць аховы здароўя», - сказаў прафесар Марк Клемент, дырэктар ILS.

«Гэтыя «разумныя» павязкі з выкарыстаннем нанатэхналогій будуць вызначаць стан раны ў кожны асобна ўзяты прамежак часу. Яны будуць падключаць рану да 5G-інфраструктуры, якая праз ваш тэлефон будзе ведаць пра вас сёе-тое - дзе вы знаходзіцеся, наколькі вы рухомыя ў нейкі пэўны момант», - тлумачыць прафесар.

Атрымаўшы гэтыя звесткі, лекар зможа карэктаваць курс лячэння паводле стану кожнага канкрэтнага хворага.

Спецыялісты ў нанатэхналогіях распрацоўваюць малюсенькія сэнсары, у той час як з дапамогай 3D-друкарак навукоўцы ў ILS будуць вырабляць перавязачныя матэрыялы, што знізіць выдаткі на іх вытворчасць.

Са слоў прафесара Клемента, у гэтым праекце таксама ўдзельнічаюць спецыялісты з Валійскага цэнтра па ўдасканаленні лячэння ран.

Гэтыя распрацоўкі сталі часткай спецпраекта ў развіцці і лічбавых інавацыях у паўднёвым Уэльсе, на які ўрад выдзеліла 1,3 млрд фунтаў.

Апошнія навіны