Пад Бранскам мікрааўтобус з Беларусі лоб у лоб сутыкнуўся з «хлебавозкай»
- 13.04.2017, 11:59
Два чалавекі атрымалі сур'ёзныя траўмы ў аварыі, якая адбылася раніцай 13 красавіка паблізу пасёлка Добрунь Бранскага раёна.
Пра гэта паведамілі мясцовы сайт 32cars.ru.
Паводле інфармацыі ГУ МНС Расеі Бранскай вобласці, інфармацыя пра аварыю з удзелам чатырох аўтамабіляў паступіла ратавальнікам а 08.15. Папярэдне, пасля лабавога сутыкнення «хлебавозкі» і Volkswagen Transporter з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі (3 рэгіён), аўтамабілі адкінула на фуру і мікрааўтобус.
У выніку ДТЗ кіроўцы «хлебавозкі» і Volkswagen атрымалі сур'ёзныя траўмы і былі шпіталізаваныя. Ратавальнікі праводзілі работы па дэблакіроўцы з аўтамабіляў.
Прычыны і абставіны аварыі высвятляюць супрацоўнікі ДІБДР.