BE RU EN

Гісторыя першай беларускай парашутысткі

  • 9.03.2017, 14:50

На Гарадзеншчыне знайшлі фота дзяўчыны, якая здзівіла ўвесь Віцебск.

Уявіце сабе Віцебск канца пазамінулага стагоддзя. Нядзельны ліпеньскі дзень у 1895 годзе. На тумбах па ўсім горадзе расклееныя аб'явы, якія запрашаюць у сад «Цівалі» і якія абяцаюць незабыўнае відовішча. У кірунку «Цівалі» едуць экіпажы, паважна ідуць пары, спяшаюцца дзеці. Усе хочуць убачыць, як з велізарнай вышыні, з паветранага шара, будзе здзейснены скачок. Ён і сам відовішча рэдкае, новае. Але галоўнае, што зробіць яго жанчына - Вольга Драўніцкая, распавядае tut.by.

Вось як апісвалі гэта мясцовыя рэпарцёры: «Вясёлая і сімпатычная дзяўчына была цалкам спакойнай. Без найменшага вагання павісла на кальцы пад хутка падыманым шарам. І гэтак жа смела, адчапіўшы на вышыні паўвярсты парашут, кінулася ўніз. Парашут плаўна апусціў адважную дзяўчыну на зямлю. Праз дваццаць хвілін яна зноў была ў «Цівалі», сустрэтая гукамі аркестра і авацыямі гледачоў. Ёй шмат апладзіравалі, асабліва дамы: яна ж пастаяла, да некаторай ступені, за ўвесь прыгожы пол».

Імёны першых у гісторыі жанчын, якія скокнулі з парашутам, вядомыя. Гэта Жанна-Жэнеўева Ляброс. Яе скачок адбыўся 12 кастрычніка 1799 года. Праз 10 дзён, 22 кастрычніка, з'явілася другая парашутыстка - Эліза Гарнер. Бясстрашныя дамы амаль на стагоддзе апярэдзілі Вольгу Драўніцкую. Але што мы ведаем пра яе, нашу суайчынніцу?

Вядома, што Вольга была ў шлюбе з польскім прамыслоўцам Альфрэдам Драўніцкім, у якога былі два браты - Станіслаў і Юзаф, якія зараблялі на жыццё відовішчнымі скачкамі з аэрастатаў-мангальф’ераў на парашутах. Вось яны і далучылі да палётаў нявестку, да незадавальнення яе мужа.

Да Вольгі ў такіх атракцыёнах з Драўніцкіх бралі ўдзел яшчэ дзве жанчыны, якія хаваліся пад псеўданімамі Яніна Мэй і Марыя Нікаліні. Для Яніны захапленне паветраплаваннем скончылася трагічна: яна пакалечыла нагу пры прызямленні. А калі даведалася, што яе чакае ампутацыя, прыняла смяротную дозу яду.

Марыя Нікаліні спыніла палёты таксама праз трагедыю. Яна павінна была скакаць падчас аднаго з выступаў, але не змагла праз хваробу, і Станіславу Драўніцкаму давялося яе замяніць. У той раз ён сарваўся з шара пры ўзлёце і разбіўся...

Два першыя скачкі Вольга зрабіла ў пачатку траўня 1895 года ў Харкаве. Затым 14 траўня былі палёты ў Арле. За лета і восень таго года Драўніцкія аб'ехалі не менш за дзесяць гарадоў цэнтральнай Расеі і Паволжа. Так што Віцебск быў далёка не першым горадам, над якім ляцела на парашуце Вольга Драўніцкая. Але амаль напэўна можна сцвярджаць, што жыхары Віцебску ўпершыню ўбачылі скачок жанчыны-парашутысткі.

Пра гэты скачок ведалі і пісалі, але вось фатаграфіі бясстрашнай парашутысткі не было. Хоць сын Юзэфа Драўніцкага ўспамінаў, што калісьці яна існавала. У артыкулах, прысвечаных тым падзеям, выкарыстоўваліся здымкі іншых жанчын-парашутыстак.

Але фота знайшлося! І публікуецца яно ўпершыню. Адшукаў здымак беларускі калекцыянер

- Фатаграфія трапіла ў маю калекцыю гадоў дзесяць таму ад знаёмага з Горадні. З ягоных слоў, яе знайшлі ў стосе іншых фатаграфій на гарышчы аднаго з прыватных дамоў у невялікім мястэчку Гарадзенскай вобласці. Магчыма, гэты архіў належаў праваслаўнаму святару, бо разам з фатаграфіяй Вольгі былі фатаграфіі святароў, іх сем'яў. Цяпер цяжка сказаць, якім чынам усё гэта аказалася разам: можа, здымак святару падарыў хтосьці з прыхаджан храма, можа, сам святар захапляўся гісторыяй або хтосьці з ягоных родных прысутнічаў пры скачках Вольгі...

З таго архіва гарадзенскі дылер выкупіў толькі гэтую фатаграфію, а потым яна трапіла да мяне. Я ж ведаў, што купляў: на фота была Вольга Драўніцкая - першая беларуская парашутыстка. А дылер меркаваў, што на здымку выява вандроўных цыркачоў. Яго яшчэ здзівілі якары на форме, як у маракоў. І вышыня на плакаце, - 10 000 футаў, або 3000 метраў. Потым я даведаўся, што паветраныя шары прычальвалі менавіта з дапамогай якара... Дарэчы, Станіслаў Драўніцкі на фота лётаў на паветраным шары над Менскам.

Апошнія навіны