BE RU EN

Герой Дня Волі, што адмовіў назваць прозвішча, не разгубіўся перад мядзведзем на Каўказе

  • 30.03.2017, 8:16

Дачка менчука, што байкатаваў судовае бязмежжа, распавяла дзіўныя падрабязнасці з біяграфіі бацькі.

Выданне nn.by знайшло родных затрыманага, які тры дні адмаўляўся называць сваё імя. Ім быў 63-гадовы былы альпініст і інжынер Валер Цімашэнка.

Мянчук Валер Цімашэнка дагэтуль ходзіць у паходы, тры разы ў тыдзень бегае па 10 кіламетраў і носіць кашулю з кароткім рукавом пры +15°C.

Сёння дзецям затрыманага паведамілі, што ён адбывае адміністрацыйны арышт у ЦІП на Акрэсціна.

Цімашэнка тры дні адмаўляўся называць сваё прозвішча пасля затрымання падчас мірнай акцыі 25 сакавіка. Дагэтуль звесткі арыштаванага не фігуравалі ў спісах затрыманых. Родныя тры дні шукалі яго па аддзяленнях міліцыі і СІЗА.

«Мы пачалі хвалявацца, калі Валер перастаў выходзіць на сувязь 25 сакавіка. Апошні раз цесць патэлефанавала нам а 14.00 і сказаў, што знаходзіцца каля Акадэміі навук і вакол затрымліваюць без разбору людзей. Мы папрасілі яго сысці, але занадта ў яго справядлівы характар і ён застаўся. Напэўна, вырашыў кагосьці выцягнуць адтуль», — кажа Раман Аўласенкаў, зяць Валера Цімашэнкі.

Дачка Валеры, Алена, кажа, што яшчэ 25-га ўвечары ім патэлефанавалі і сказалі, што бацька застанецца да суда за кратамі. Ад відавочцаў затрымання стала вядома, што ў Цімашэнкі пашкоджаны рэбры і ёсць праблемы са здароўем.

«Мы крыху супакоіліся, калі ўбачылі інфармацыю, пра чалавека, які адмаўляўся сябе называць. Праўда, пасля таго як на нейкім інфармацыйным рэсурсе прачыталі пра дастаўленага ў бальніцу і збітага Валеру — ледзь не сышлі з розуму. Высветлілася, што гэта не Цімашэнка Валер, а Валер Шчукін. Затым сітуацыя праяснілася, калі Павел Белавус, якога судзілі за акцыю 26-га, распавёў, што сядзеў у адной камеры з Валянцінам, былым альпіністам, які адмаўляецца называць сябе. Пачалі тэлефанаваць на Акрэсціна», — сказала Алена Аўласенкава.

У аўторак родныя датэлефанаваліся ў ЦІП, дзе ім сказалі, што асоба бацькі ўстаноўлена. Праз дзве гадзіны адбыўся суд. Суд Ленінскага раёна асудзіў Валеру Цімашэнку на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Відавочна, суд адбыўся без удзелу родных, сведак і адваката. Сёння ў ЦІП пацвердзілі, што Валер Цімашэнка знаходзіцца там і прынялі перадачу. Адміністрацыя ЦІПа адмовілася перадаваць арыштанту цёплыя рэчы.

«Не дзіўлюся, што бацька не назваў свае звесткі міліцыянтам. Напэўна, не казаў нічога з прычыны неабгрунтаванасці затрымання. Не ведаю, запалохвалі чымсьці бацьку або не, але ён не з палахлівых. Летась ён з сябрамі хадзіў у паход на Каўказ. Да іх у намёт ледзь не уварваўся мядзведзь. Вось гэта быў экстрэмальны выпадак, іншы ад страху памёр бы і запанікаваў. А яны прыціхлі, перачакалі і працягнулі паход», — распавяла Алена Аўласенкава.

Апошнія навіны