Заробак беларусаў наважылі засакрэціць
- 30.03.2017, 8:08
Белстат хавае аператыўныя лічбы медыяннага заробку.
З 2017 года звесткі пра медыянны заробак у краіне будуць публікавацца толькі ў спецыяльным зборніку «Праца і заробак», які выходзіць раз у два гады — сёлета яго не будзе.
Пра гэта стала вядома nn.by.
«Так, на сайце звесткі пра медыянны заробак вывешвацца не будуць, скасаваны такі прэс-рэліз. Пастанова прынятая кіраўніцтвам. Чаму? Напэўна, запатрабаванасць такой інфармацыі невялікая, таму яе прыбралі», — патлумачылі журналістам у прэс-службе Белстата.
Цяпер доступ да аператыўнай інфармацыі будуць мець толькі некаторыя дзяржаўныя службы.
Медыяннае значэнне лічыцца найбольш дакладным адлюстраваннем сітуацыі з заробкамі ў краіне. Медыянны заробак мае такое значэнне, што 50% людзей атрымліваюць больш названай сумы, а 50% — менш.