BE RU EN

Менску – 950 гадоў

  • 3.03.2017, 11:27

Горад быў згаданы ў сувязі з Бітвай на рацэ Нямізе.

У канцы X стагоддзя Уладзімір Святаславіч (у той час наўгародскі князь) разбурыў Полацак, забіў тамтэйшага князя Рагвалода, сілком узяў у жонкі ягоную дачку Рагнеду і далучыў горад да сваіх валадарстваў. У 1021 годзе полацкі князь Брачыслаў, унук Уладзіміра Святаславіча напаў на Ноўгарад, і на зваротным шляху быў спынены кіеўскім князем Яраславам Мудрым (сынам Уладзіміра Святаславіча) на рацэ Судоме, быў разбіты яго войскамі і збег, пакінуўшы палонных і нарабаванае. У 1021 годзе быў заключаны мір, паводле якога за Брачыславам былі замацаваныя Віцебск і Усвят.

Сын Брачыслава полацкі князь Усяслаў па мянушцы Чарадзей у 1065 годзе трымаў у аблозе Пскоў, разбіў наўгародскага князя Мсціслава Ізяславіча (сына Ізяслава Яраславіча) і разрабаваў Ноўгарад, працягнуўшы тым самым вайну за ўладу паміж Рурыкавічамі, супраць сваіх стрыечных дзядзькаў Яраславічаў (сыноў Яраслава Мудрага). Яраславічы ўварваліся ў Полацкае княства, ўзялі Менск і выйшлі на раку Нямігу.

Ход бітвы

Войскі сышліся на берагах ракі Нямігі і 7 дзён стаялі адзін супраць аднаго ў глыбокім снезе. Нарэшце Усяслаў Полацкі ў поўню пачаў атаку, і шмат воінаў загінула з абодвух бакоў. Са слоў кіеўскага летапісца, Усяслаў пацярпеў паразу ад трох Яраславічаў — Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага. Бітва, апісаная ў Слове пра паход Ігарава:

...на Нямізе снапы сцелюць з галоў, цапамі б'юць булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу з цела...

Бітва на рацэ Нямізе з'яўляецца адной з буйнейшых і найбольш крывавых міжусобных бітваў на Русі.

Са слоў кіеўскага летапісца, Усяслаў пацярпеў паразу і бег, але Яраславічы не пераследавалі яго. Праз 4 месяцы пасля бітвы Яраславічы паклікалі яго на перамовы, цалавалі крыж і абяцалі бяспеку, аднак парушылі сваё абяцанне — схапілі разам з двума сынамі, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў земляную турму. У выніку кіеўскага паўстання 1068 года Усяслаў быў вызвалены са зняволення і ненадоўга заняў кіеўскі пасад. У 1071 годзе яму ўдалося вярнуць Полацкае княства.

Апошнія навіны