BE RU EN

Парламент Шатландыі падтрымаў правядзенне новага рэферэндуму аб незалежнасці

  • 28.03.2017, 19:20

Ініцыятыву кіраўніцы шатландскага ўрада Ніколы Стэрджэн падтрымалі дэпутаты Шатландскай нацыянальнай партыі, якую яна ўзначальвае, а таксама «зялёныя».

Дэпутаты парламента Шатландыі - халіруда - прагаласавалі за правядзенне новага рэферэндуму аб незалежнасці рэгіёну. Ініцыятыву Шатландскай нацыянальнай партыі (ШНП) і ейнай лідаркі, кіраўніцы шатландскага ўрада Ніколы Стэрджэн у аўторак, 28 сакавіка, падтрымалі 69 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 59, перадае «Нямецкая хваля».

За правядзенне рэферэндуму прагаласавалі прадстаўнікі ШНП і "зялёныя", супраць выступілі лейбарысты, ліберал-дэмакраты і кансэрватары. Такім чынам Нікола Стэрджэн атрымала паўнамоцтвы ад парламента для перамоў з Лонданам. Без яго згоды правесці юрыдычна абавязковы рэферэндум нельга. На думку Стэрджэн, плебісцыт мае адбыцца ў перыяд з восені 2018 года да вясны 2019 года.

Новая сітуацыя ў сувязі з будучым Brexit

Дэбаты аб магчымасці правядзення другога рэферэндуму аб выхадзе краіны са складу Злучанага Каралеўства дэпутаты халіруда пачалі яшчэ 21 сакавіка. Стэрджэн патрабуе правядзення новага рэферэндуму ў сувязі з тым, што будучы выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу (Brexit) стварае якасна новую сітуацыю.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй выступае катэгарычна супраць правядзення другога рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі да заканчэння працэдуры Brexit. Усю энэргію цяпер трэба накіраваць на перамовы з Брусэлем, зазначыла Мэй 16 сакавіка. 29 сакавіка брытанская прэм'ерка мерыцца выступіць з афіцыйнай заявай аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕЗ.

У 2014 годзе падчас першага рэферэндуму аб незалежнасці большасць шатландцаў выказаліся за тое, каб рэгіён застаўся ў складзе Вялікабрытаніі. На галасаванні аб Brexit ў 2016 годзе большасць жыхароў Шатландыі выступілі за захаванне сяброўства Лондана ў Еўразвязе.

Апошнія навіны