BE RU EN

Дырэктара «Арт-сядзібы» Паўла Белавуса асудзілі на 15 дзён арышту

  • 27.03.2017, 17:41

Павел разам з цяжарнай жонкай быў затрыманы ўчора падчас акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Працэс над кіраўніком «Арт-сядзібы» Паўлам Белавусам праходзіў у судзе Ленінскага раёна. Павел разам з цяжарнай жонкай быў затрыманы ўчора, 26 сакавіка, падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Жонку неўзабаве адпусцілі, а Паўла адвезлі на Акрэсціна, дзе ён правёў ноч, піша nn.by.

Яго абвінавачвалі ў тым, што ён лаяўся матам, гучна крычаў, паводзіў сябе агрэсіўна. Віну Белавус не прызнаў.

«Я размаўляю па-беларуску, і калі б я лаяўся, то супрацоўнікі АМАПу і не зразумелі б, што я маю на ўвазе, напрыклад «трасца табе ў бок», - распавёў суддзі Белавус.

Сведкі-АМАПаўцы далі стандартныя паказанні: нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі.

Суддзі паказалі відэа затрымання Белавуса і звярнулі ўвагу, што затрымліваюць яго не тыя АМАПаўцы, якія выступілі сведкамі. Суддзя не звярнуў увагу на гэта.

Прысуд Белавусу - 15 дзён арышту.

Апошнія навіны