Гісторыі, якія надоўга застануцца ў памяці беларусаў
- 27.03.2017, 9:52
Міліцыя і АМАП супраць пажылых людзей.
АМАП падчас акцый пратэсту 25 і 26 сакавіка груба затрымліваў людзей, нягледзячы на стан іх здароўя і ўзрост.
«Салідарнасць» прыводзіць гісторыі, якія надоўга застануцца ў памяці беларусаў.
Утрох на дзядулю з кіёчкам
Кадр з выявай трох супрацоўнікаў міліцыі ў поўнай экіпіроўцы, якія затрымліваюць безабароннага пажылога мужчыну ў цэнтры Менска, шматкроць распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках. У рукі амапаўцаў 80-гадовы Ян Грыб трапіў, калі заўважыў, як міліцыя збівае дваіх хлопцаў. Не вытрымаў, падышоў да іх і сказаў усё, што думае. Пасля гэтага наважылі затрымаць і яго.
Пазней Яну Грыбу удалося збегчы з аўтазака.
Бясстрашная Ніна Багінская
Грамадская актывістка, якой у снежні споўнілася 70 гадоў, спачатку ўразіла грамадскасць тым, што напярэдадні Дня Волі выйшла з адзіночным пікетам да будынка КДБ. Праз некалькі хвілін да яе падышлі супрацоўнікі АМАПа, прапанаваўшы «падвезці», пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў аддзяленне міліцыі.
25 сакавіка Ніна Багінская прыйшла на мітынг, прысвечаны Дню Волі – там «людзі ў чорным» сустрэлі яе ўжо менш ветліва.
Любоў Санкевіч і «малойчыкі»
65-гадовая бабруйчанка, спецыяльна прыехала з раённага цэнтра, каб паўдзельнічаць у Дні Волі, у суботу ўдалося пазбегнуць затрымання. Аднак непрыемны сюрпрыз чакаў яе ў Бабруйску – выйшаўшы з хаты на наступны дзень, жанчына была затрыманая некалькімі «малойчыкамі» і дастаўленая ў мясцовае аддзяленне міліцыі.
Пазней Любові Санкевіч стала кепска, і яе забрала «хуткая». Тым не менш, яна прымудрылася патэлефанаваць праваабаронцам і паведаміць пра тое, што ў дачыненні да яе быў парушаны закон.
Гэта толькі некалькі сюжэтаў, якія, як гаворыцца, на слыху. Тым не менш, на кадрах з Дня Волі няцяжка знайсці і іншых смелых людзей пажылога ўзросту, якіх зусім бесцырымонна пакавала беларуская міліцыя.