BE RU EN

Дзе Мікалай Статкевіч?

  • 27.03.2017, 7:32

Чацвёрты дзень улады хаваюць, дзе знаходзіцца лідар беларускіх пратэстаў.

Жонка лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч звярталася ў турму КДБ, спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, у СІЗА МУС, але не атрымала ніякай інфармацыі.

«З 25 сакавіка я наведала ўсе вядомыя мне месцы, дзе могуць трымаць людзей: СІЗА КДБ, спецпрыёмнік і ІЧУ на Акрэсціна, у СІЗА МУС. У спецпрыёмніку на Акрэсціна і на «Валадарцы» мне сказалі, што ў спісах затрыманых Мікалая Статкевіча няма. А ў СІЗА КДБ інфармацыю даваць адмовіліся, што вельмі нагадвае досвед 2010 года — устойлівае адчуванне дэжавю.

У той жа час БТ не пагрэбавала чарговым разам распаўсюдзіць пасквільны сюжэт, пашыты белымі ніткамі, пра тое, што быў затрыманы «кіроўца» Статкевіча з нейкімі бутэлькамі.

І цяпер я не ведаю, што думаць. У «найлепшым» выпадку Мікалай знаходзіцца ў «лапах» тых самых гэбістаў, як у 2010 годзе, і ўся гэтая вакханалія дзікіх арыштаў і дзікіх абвінавачванняў у адрас дэмакратычных актывістаў арганізавана з адной мэтай — зрабіць майго мужа кіраўніком гэтых міфічных «тэрарыстаў».

А пакуль, фактычна, тры дні я не маю ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне, стан Мікалая! Я ведаю, што не раз рабіліся спробы замаху на жыццё майго мужа абсалютна рознымі спосабамі, у тым ліку яго спрабавалі атруціць», - сказала сайту Charter97.org Марына Адамовіч.

Забіў трывогу сябра Рады БНК, паэт Уладзімір Някляеў.

«Што з Мікалаем Статкевічам? Наогул ці жывы? Практыка, якую выкарыстоўвае ў дачыненні да яго ўлада - гэта дзяржаўны бандытызм. Такімі прыёмамі карыстаецца дыктатарскі, злачынны рэжым.

Упэўнены, што ў дачыненні да Статкевіча фабрыкуецца крымінальная справа. Заяўляю гэта зыходзячы з таго, што адбывалася мінулай ноччу са мной. Сярод маіх папер знайшлі дакумент на польскай мове і паспрабавалі падаць іх як нешта, што можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Я патрабую неадкладнага вызвалення Статкевіча. Патрабую неадкладнага паведаміць ягонай сям'і аб тым, дзе ён знаходзіцца. Патрабую ад уладаў (ведаючы, як цяжка давялося маёй жонцы, маім дзецям у 2010 годзе) паведаміць: жывы чалавек ці яго забілі.

Сем'ям нават тых нелюдзяў, якія так робяць сёння са Статкевічам, я не зычу такога зазнаць», - заявіў паэт Charter97.org з берасцейскай бальніцы, дзе цяпер знаходзіцца пад арыштам.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў патрабуе ад уладаў неадкладна даць нам інфармацыю пра тое, дзе знаходзіцца Мікалай Статкевіч:

«Сёння мы нічога не ведаем пра тое, дзе лідар БНК і што з ім адбываецца. Мы патрабуем ад уладаў неадкладна даць нам інфармацыю пра тое, дзе знаходзіцца Мікалай Статкевіч. Падаць звесткі яго сваякам, усім людзям Беларусі. Заклікаем усіх, хто можа аказаць ціск на беларускія ўлады - Еўрапейскі Звяз, Злучаныя Штаты Амерыкі, дэмакратычныя дзяржавы, сусветную грамадскасць - падтрымаць нашы патрабаванні.

Мы патрабуем спыніць пераслед людзей, даць ўсю інфармацыю пра усіх людзей, месцазнаходжанне якіх дагэтуль невядомае.

Гэтыя злачынствы рэжыму, якія не першы раз робяцца над беларусамі, але з кожным разам яны становяцца ўсё больш жорсткім і больш нахабнымі. Таму сёння ўсім нам, усім нашым сябрам, трэба зрабіць усё, каб гэта спынілася. І дапамагчы тым, хто апынуўся ў бядзе».

Апошнія навіны