BE RU EN

Прадстаўніца Вярхоўнага камісара Эўразвяза: Ужыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі нельга апраўдаць

  • 26.03.2017, 19:44

Прэс-сакратарка Вярхоўнага камісара ЭЗ у знешняй палітыцы Мая Качыянчыч зрабіла заяву з нагоды падзеяў у Беларусі.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

«Эўразвяз вельмі ўважліва сочыць за адказам уладаў Беларусі на нядаўнія дэманстрацыі. За апошнія некалькі дзён мы сачылі за штогадзіннымі паведамленнямі аб прэвентыўных арыштах і затрыманнях на падставе розных абвінавачванняў.

Напрыклад, журналістаў затрымлівалі проста за асвятленне падзеяў. На нашу думку, такі гвалт з свабоды слова і сходаў знаходзіцца ў супярэчнасці з заяўленай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі, а таксама міжнароднымі абавязальніцтвамі.

Напярэдадні і падчас акцый на Дзень Волі, нягледзячы на заклік міжнароднай супольнасці да стрыманасці, рэакцыя з боку службаў бяспекі была не выбарачная і недарэчная. І, да прыкладу, мы бачым, што праваабарончы цэнтр “Вясна” быў разгромлены, а простыя грамадзяне былі затрыманыя вялікай колькасцю без усялякіх прычынаў.

У сувязі з гэтым мы нагадваем, што ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах.

Мы неаднаразова казалі пра тое, што павага да асноўных правоў і свабодаў – у тым ліку свабоды слова, сходаў і асацыяцый – павінна быць падтрыманая, і ўсе нядаўна затрыманыя грамадзяне павінны быць неадкладна вызваленыя.

І я таксама хацела б нагадаць пра тое, што крокі, зробленыя Беларуссю, калі гаворка ідзе пра павагу да ўніверсальных асноўных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека будуць заставацца ключавымі для фармавання стасункаў Эўразвяза з гэтай краінай.

На гэты момант, я думаю, што мы вельмі выразна пасылаем мэсэдж для беларускіх уладаў – як публічна, так і ў непасрэдным кантакце. Вы ведаеце, (у нас ёсць) палітыка “крытычнага ўзаемадзеяння” (з Беларуссю) – і наша заклапочанасць з нагоды асноўных свабодаў ляжыць у аснове гэтай палітыкі».

Апошнія навіны