BE RU EN

Андрэй Саннікаў заклікаў Еўракамісію ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 24.03.2017, 16:04

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» звярнуўся да кіраўніцтва Еўрапейскай Камісіі з просьбай неадкладна адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі.

На Брусэльскім форуме, дзе цяпер знаходзіцца лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, адбыўся ягоны дыялог з Франсам Цімермансам, першым намеснікам Еўрапейскай камісіі.

Андрэй Саннікаў: У Беларусі зноўку трагічная сітуацыя. Зноў распачаліся рэпрэсіі. У турмах сёння больш за 100 чалавек. Ім пагражаюць крымінальныя справы, іх спрабуюць абвінаваціць у тэрарызме. Лукашэнка сцвярджае, што ў гэтым замешаная Украіна, Літва, Польшча, г. зн. абвінавачвае ЕЗ у падрыўной дзейнасці. А з боку Еўразвязу мы не чуем ніякай адэкватнай рэакцыі. Жыццю людзей сёння пагражае небяспека. І вы ведаеце, хто арганізаваў і ажыццяўляе гэтыя рэпрэсіі? Тыя самыя выканаўцы, у дачыненні да якіх год таму былі скасаваныя санкцыі. За іх злачынствы ЕЗ узнагародзіў іх беспакаранасцю. Мы можам, нарэшце, пачуць рэакцыю Еўропы на гэтыя падзеі? Гаворка ж ідзе пра ўдзельніка «Усходняга партнёрства». Гаворка ідзе аб краіне, якую могуць выкарыстоўваць як плацдарм для наступу Расеі на Еўропу, а Еўропа не рэагуе. Неабходна неадкладна вяртаць санкцыі, каб выратаваць сітуацыю, у вас павінен быць такі механізм.

Франс Цімерманс: Я ведаю, што сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася на Радзе ў замежных справах. Я ведаю, што Федэрыка Магерыні ў курсе гэтай сітуацыі. Я магу пацвердзіць, што ЕЗ - прыхільнік палітыкі падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Я згодны з вашым аналізам сітуацыі, ён абсалютна дакладны. Я ведаю таксама, што ў Беларусі грамадзянская супольнасць значна шырэйшая, чым мы бачым.

Вы кажаце, што ЕЗ надае Беларусі недастаткова ўвагі, і з гэтым я згодны. Гэта можна неяк растлумачыць вялікай колькасцю ўнутраных і вонкавых праблем. Але я цалкам згодны з вамі, што мы павінны звязваць пагрозу з боку Расеі з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Вучэнні «Захад-2017» могуць мець рознага кшталту наступствы для Беларусі. Мы бачым сувязь з тым, што адбываецца ва Украіне. Адна з самых складаных праблем для ЕЗ сёння - гэта тое, што праблема кожнай краіны цесна звязаная з тым, што адбываецца ў суседзяў.

ФОТА: ПАВАЛ ДЭМЕШ

Апошнія навіны