Стаў вядомы лаўрэат беларускага «Альбома года»
- 23.03.2017, 17:47
Прызамі ў рамках цырымоніі таксама былі адзначаныя працы Лявона Вольскага, гуртоў Shuma, IOWA, Nebulae Come Sweet.
Дыск «Мода і аблокі» менскага рок-гурта «Петля пристрастия» стаў галоўным пераможцам дзявятых музычных узнагарод Experty.by паводле галасоў беларускіх і замежных крытыкаў. Прызамі ў рамках цырымоніі таксама былі адзначаныя працы Лявона Вольскага, гуртоў Shuma, IOWA, Nebulae Come Sweet, піша tut.by.
Гурт «Петля пристрастия» забрала ўзнагароды ў намінацыях «Альбом года», «Найлепшы рок-альбом», «Прыз штатных экспэртаў» і «Прыз вялікага журы». Важным дадаткам да «Альбома года» стаў галоўны прыз цырымоніі — рэкламна-інфармацыйная падтрымка сольнага канцэрту ад мультымедыйнага праекта Maksivision.
— Мы вельмі рады, што нашу працу годна ацанілі, і ў той жа час чакалі на такое развіццё падзей. Калі ствараеш якасны прадукт, гэта абавязкова знойдзе водгук. Дзякуй сайту Experty.by і ўсім нашым слухачам за падтрымку, — адзначылі музыкі «Петли пристрастия».
«Петля пристрастия» «Мода і аблокі» (альбом)
Тры ўзнагароды за альбом «Сонца» атрымаў гурт Shuma: «Найлепшы індзі-поп/электронны альбом», «Найлепшы фолк-альбом», «Прыз замежных экспэртаў» (5 крытыкаў з суседніх з Беларуссю краін). Дзве ўзнагароды за альбом «Псіхасаматыка» атрымаў Лявон Вольскі: «Найлепшы беларускамоўны альбом» і «Прыз народных экспэртаў» (актыўныя карыстальнікі сайта). Па адной узнагародзе ў гуртоў IOWA («Найлепшы поп-альбом») і Nebulae Come Sweet («Найлепшы дэбютны альбом»).
Узнагароды Experty.by уручаюцца з 2009 года. Сярод пераможцаў розных гадоў «Серебряная свадьба», Re1ikt, Port Mone, Pukstband, Akute, «Троіца», «Ляпіс Трубяцкі» і іншыя. Поўныя вынікі ўзнагарод з магчымасцю праслухоўвання ўсіх альбомаў — на сайце Experty.by.
Пераможцы ўзнагарод Experty.by 2017:
Найлепшы дэбютны альбом — Nebulae Come Sweet «It Is Not The Night That Covers You»
Найлепшы інды-поп/электронны альбом — Shuma «Сонца»
Найлепшы поп-альбом — IOWA «Майстры»
Найлепшы фолк-альбом — Shuma «Сонца»
Найлепшы рок-альбом — «Петля пристрастия» «Мода і аблокі»
Найлепшы беларускамоўны альбом — Лявон Вольскі «Псіхасаматыка»
Прыз штатных экспэртаў — «Петля пристрастия» «Мода і аблокі»
Прыз вялікага журы — «Петля пристрастия» «Мода і аблокі»
Прыз замежных экспэртаў — Shuma «Сонца»
Прыз народных экспэртаў — Лявон Вольскі «Псіхасаматыка»
Альбом года (і падтрымка сольнага канцэрту) — «Петля пристрастия» «Мода і аблокі»