Валерыю Шчукіну - 75!
- 22.03.2017, 14:19
Сёння праваабаронцу Валерыю Шчукіну споўнілася 75 гадоў.
22 сакавіка споўнілася 75 гадоў дэпутату Вярхоўнага Савета 13-га склікання, былому палітвязня, праваабаронцу і лаўрэату прэміі «Хартыі-97» Валерыю Шчукіну.
На жаль, не ўсе вязні турмы на Акрэсціна ведаюць, што ўмовы там змяніліся ў тым ліку і дзякуючы упартаму Шчукіну, якога шмат разоў кідалі за краты, паведамляе «Радыё Свабода».
Раней на Акрэсціна вязням не выдавалі лыжак з доўгім тронкам. У канцы 1990-х гадоў з такімі лыжкамі, за якія немагчыма ўзяцца, доўга змагаўся былы дэпутат Вярхоўнага Савета Валерый Шчукін. Яму сапраўды многае ўдалося: вязням пачалі даваць белы хлеб і выводзіць на шпацыр, замянілі лыжкі на нармальныя.
Валерый Шчукін кажа, што збіраецца ісці на акцыю 25 сакавіка з нагоды Дня Волі ў Менску. Што тычыцца юбілею, то былы палітвязень святкаваць пакуль не збіраецца.
«Святаў не адзначаю, у мяне дома сухі закон, а адзін я не п'ю».
Жыве Валерый Шчукін у Менску разам з дачкой і яе сям'ёй. Апошнім часам амаль нікуды не выходзіць з дому праз дрэнны стан здароўя. Але на «Марш недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску ўсё ж выйшаў.
Валерый Шчукін упершыню трапіў за краты ў канцы 1998 года. На турэмным рахунку капітана другога рангу ў адстаўцы і дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га склікання - некалькі дзясяткаў адміністрацыйных арыштаў і тры крымінальныя прысуды. Паводле аднаго з іх ён адседзеў у 2001 годзе тры месяцы ў Жодзінскай турме за тое, што спрабаваў трапіць на прэс-канферэнцыю міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава.
На апазіцыйныя акцыі Валерый Шчукін прадаўжае выходзіць.
Якую параду Валерый Шчукін можа сёння даць беларусам?
Былы палітвязень адказвае не задумваючыся.
«Змагацца. Я і за кратамі быў свабодным чалавекам. Я знявазе не падпарадкоўваўся».
Шчукін спачатку засмяяўся, калі журналісты спыталі аб самым жаданым падарунку на дзень нараджэння, а потым адказаў:
«Поўная капітуляцыя кіраўніка гэтага рэжыму».
Валерый Шчукін нарадзіўся 22 сакавіка 1942 года ва Уладзівастоку. Скончыў Ленінградскую вышэйшае вайскова-марское інжынернае вучылішча. 27 гадоў служыў на флоце. Капітан другога рангу. Скончыў школу ў Менску, адсюль і прызвалі ў войска, таму пасля сканчэння службы вярнуўся ў Менск.
Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання. З 1996 даа 2003 года жыў у Полацку. Быў выключаны з Партыі камуністаў беларускай. Шмат разоў быў затрыманы міліцыяй і быў пакараны штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях.
У 2001 годзе адседзеў тры месяцы ў Жодзінскай турме за непадпарадкаванне ахоўнікам і пабітую шыбу ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў.
Чалец Беларускага Хельсінскага камітэта, ганаровы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, займаецца праваабарончай дзейнасцю.
У Валерыя Шчукіна сын і дачка, а таксама сямёра ўнукаў.