BE RU EN

Добры знак: У Беларусь вяртаюцца буслы

  • 22.03.2017, 12:51

З вяртаннем на радзіму буслоў прыходзіць сапраўдная вясна.

Валянціна Шубіч са Столінскага раёна паведаміла пра гэта на старонцы ў Фэйсбуку. Паляшучка, заўважыла птушку, калі тая хадзіла па зямлі. Жанчына ўспомніла словы сваёй бабулі, якая казала, што калі ўбачыш першага бусла ў палёце, то ногі цэлы год хварэць не будуць. «Ну, нічога, галоўнае, што прыляцеў))))», - не засмуцілася жанчына, піша media-polesye.by.

На яе навіну адгукнуліся яе фэйсбучныя сябры, якім таксама ўжо ўбачылі бусла.

Напрыклад, у 2016 годзе першага бусла ў Столінскім раёне заўважылі ў апошнія дні сакавіка.

Уладзімір Караткевіч называў Беларусь «Зямлёй пад белымі крыламі». Менавіта крылы гэтай велічнай птушкі распасцёртыя над усёй Беларуссю. Разам з вяртаннем на радзіму буслоў вяртаецца вясна.

Буслоў спрадвеку шанавалі беларусы. Лічылася, што калі бусел селіцца ў двары, то ў гаспадароў сядзібы будзе шчасце, дабрабыт у доме. Таму многія спецыяльна зацягвалі драўляныя колы або майстравалі спецыяльныя падпоры, каб бусел на дрэве або на даху змог зрабіць гняздо і пасяліўся там. На такой пляцоўцы буслам добра будаваць сваё гняздо. Цяпер драўляныя колы выйшлі з ужытку, але тое ж самае можна зрабіць і з непатрэбнымі роварнымі коламі. Пры жаданні можна збіць у выглядзе літары Х дзве тоўстыя дошкі або бруска і іх таксама замацаваць на дрэве паміж галінамі.

У 2015 годзе ўпершыню ў Столінскім раёне работнікі Столінскага РЭС усталявалі на слупах ліній электраперадач спецыяльныя пляцоўкі для буслоў. Яны замацаваны на слупах у Белавушы, Давід-Гарадку, Лядцы, Рублі, Століне, Церабяжове.

Яшчэ да прылёту буслоў вярнуліся дзікія гусі і качкі, журавы, чаплі і шпакі.

Апошнія навіны