BE RU EN

Беларусы абароняць свайго лідара

  • 21.03.2017, 17:37

Дзень Волі стане першым крокам да рэальных зменаў.

Пра гэта Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Да Дня Волі ў Менску засталося менш за тыдзень. Як вы ацэньваеце сітуацыю ў краіне і грамадстве напярэдадні гэтай важнай падзеі?

- Вы вельмі добра сказалі, што гэта важная падзея. Я ўпэўнены, што гэта будзе нават гістарычнай падзеяй.

Не ўсе пакуль гэта разумеюць, але 25 сакавіка напраўду з'яўляецца шанцам для Беларусі перайсці да пераменаў у краіне мірным шляхам. 25 сакавіка можа быць першым вялікім крокам да пачатку рэальных перамоваў паміж уладай і апазіцыяй.

Лукашэнка, вядома, цяпер знаходзіцца ў страху, у паніцы. Лукашэнка ў істэрыцы. Ён ведае рэальны стан спраў у эканоміцы і рэальнае стаўленне да сябе народа. Думаю, ён уважліва глядзеў сюжэты відэазапісаў з Маршаў абураных беларусаў і чуў тое, што людзі думаюць пра яго і пра пабудаваную ім сістэму.

Лідар пратэстаў Мікалай Статкевіч узяў на сябе адказнасць за правядзенне акцыі 25 сакавіка, бо ён лепш, чым хто-небудзь іншы, разумее важнасць гэтага дня і ён рэальна разумее магчымасць, якую гэты дзень надае.

Для беларусаў сёння Статкевіч - гэта той чалавек, які з'яўляецца іх прадстаўніком ва ўзаемадзеянні з уладай.

- Вы сказалі, што Лукашэнка знаходзіцца ў паніцы. Якія могуць узнікнуць сцэнары падзеяў 25 сакавіка?

- Самая дурная пастанова, якую можа прыняць цяпер улада - гэта неяк «нейтралізаваць» Мікалая Статкевіча, затрымаць яго да 25 чысла.

У іх, вядома, ёсць такая спакуса. Але гэта будзе азначаць тое, што 25 сакавіка дзясяткі тысяч людзей, якія выйдуць на вуліцы Менска, якія прыедуць у сталіцу з усёй Беларусі, акрамя іншых задач, за галоўную мэту будуць уважаць вызваленне свайго лідара - Мікалая Статкевіча.

Для ўсяго свету стане зразумела, што Лукашэнка адмаўляецца ад перамоў са сваім народам і ад перамоваў з дэмакратычнай апазіцыяй. І адплата за гэтае глупства, у тым ліку і фінансавая, рушыць услед неадкладна.

Хоча Лукашэнка гэтага ці не - Статкевіч сёння з'яўляецца прадстаўніком беларускага народа і выразнікам ягонай волі і спадзяванняў.

- Што рабіць беларусам, каб годна правесці Дзень Волі і абараніць свае патрабаванні?

- Па-першае, трэба ўсвядоміць, што гэта сапраўды не шараговая акцыя, а гістарычная падзея, ад якой залежыць жыццё і будучыня кожнага беларускага грамадзяніна і нашага народа агулам. Трэба разумець важнасць гэтай даты.

Менавіта 25 сакавіка стане магчымым вярнуць суб'ектнасць беларускаму народу - праз саму акцыю і праз лідара пратэсту Мікалая Статкевіча. Гэта вельмі важны момант. І сёння гэта вельмі моцна ўзаемазвязана.

Далейшыя змены ў краіне стануць магчымымі нарэшце праз свабодныя выбары. І ўсім лідарам апазіцыі і людзям, якія мараць рэалізаваць сябе ў палітыцы, давядзецца прайсці праз гэта сіта народнага волевыяўлення ўжо на свабодных выбарах пад міжнародным кантролем. Гэта ўжо наступны крок.

А запусціць гэты механізм можна ўжо 25 і 26 сакавіка. Нездарма Мікалай Статкевіч кажа: «Давядзецца выходзіць не адзін раз і не адзін дзень». Трэба быць дысцыплінаванымі, смелымі, адказнымі - і тады ўсё атрымаецца.

Так, як раней, ужо не будзе. Беларусь ужо іншая і беларусы - іншыя.

У Лукашэнкі няма больш магчымасцяў прадаўжаць здзекавацца з эканомікі краіны. Першым, хто паказаў дулю Лукашэнку, стала беларуская эканоміка. І цяпер прыйшла чарга і да палітычных зменаў. Таму што толькі новыя людзі, новая ўлада змогуць змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага.

Галоўная тактычная мэта на сёння - абараніць лідара, абараніць Мікалая Статкевіча. Гэта павінны рабіць і беларусы ў краіне, і беларуская дыяспара за мяжой і сябры Беларусі ва ўсім свеце. Мы павінны абараніць чалавека, які з'яўляецца нашым прадстаўніком.

Апошнія навіны