Як беларускіх багацеяў жыццё патрапала
- 20.03.2017, 15:58
Вядомыя «алігархі» моцна здалі ў рэйтынгу паспяховых бізнэсоўцаў.
Названыя імёны 200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі - некаторыя беларускія «алігархі» моцна здалі, піша «Салідарнасць».
Да прыкладу, блізкі да ўлады бізнэсовец Юрый Чыж, які доўгія гады ўпэўнена ўваходзіў у першую дзясятку рэйтынгу, апусціўся на 53 радок.
Гэта ж тычыцца нядаўняга падсуднага Уладзіміра Япрынцава і экс-ўладальніка «Мотавела» Аляксандра Мураўёва, які знаходзіцца ў зняволенні і не патрапіў нават у першую сотню спісу багацеяў.
Першая ж пяцёрка рэйтынгу выглядае так:
1. Віктар Кіслы, уладальнік кампаніі Wargaming, якая стварыла знакамітую онлайн-гульню World of Tanks, коштам 3-4 мільярды даляраў.
2. Павел Тапузідзіс, уладальнік ТАА «Тытунь інвест» і гандлёвай сеткі «Карона».
3. Аляксандр Машэнскі, вытворчасць морапрадуктаў пад брэндам «Санта-Брэмар».
4. Уладзімір Пефціеў, па чутках, набліжаны да сям'і Лукашэнкі бізнэсовец. Займаецца экспартам узбраенняў.
5. Аляксандр Луцэнка, старшыня рады дырэктараў Sodrugestvo Group S.A.
Цікава, што ў спіс самых багатых і ўплывовых беларусаў уварваліся і маладыя беларускія прадстаўнікі ІТ-сферы. Да прыкладу, на 23 радку размясціўся Віктар Пракапеня.