BE RU EN

Пенсіянер праславіўся на ўсю краіну дзякуючы Маршу пратэсту

  • 20.03.2017, 9:33

Улады ўпершыню за 14 гадоў звярнулі ўвагу на праблему адважнага ўдзельніка акцыі пратэсту ў Пінску.

На акцыі ў Пінску многія звярнулі ўвагу на сухарлявага старога на мыліцах. Дзядуля распавёў на камеру, што не можа сабраць грошы на якасны пратэз. Трансляцыя вялася ў наўпроставым эфіры, і Мікалай Трафімавіч Крычко імгненна стаў вядомы ўсёй краіне.

Што сказала пра інваліда «СБ»

Праз некалькі дзён пасля мерапрыемства самая масавая газета краіны напісала артыкул, у якой паставіла пад сумненне, што такія праблемы ў Беларусі могуць існаваць у прынцыпе. Журналісты «СБ» не змаглі знайсці пенсіянера ў Пінску, апісалі, што медыцынская і іншая дапамога інвалідам аказваецца ў поўным аб'ёме і засумняваліся ў тым, што інвалід наогул куды-небудзь звяртаўся за дапамогай. Сумна, што гэтую артыкул перадрукавалі многія беларускія раёнкі.

Менскія журналісты пенсіянера-інваліда адшукаць не змаглі, затое праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка знайшоў 77-гадовага Мікалая Трафімавіча Крычко праз сацыяльныя сеткі. Гамяльчук абвясціў збор сродкаў на пратэз інваліду, а media-polesye.by наважыла больш падрабязна асвятліць гэтую гісторыю.

Мікалай Трафімавіч жыве разам з Нінай Сяргееўнай у двухпавярховым шматкватэрным доме пасляваеннай пабудовы, які знаходзіцца ў раёне плошчы Кірава. У кватэры старая мэбля, у залі стаіць паліраваны савецкі сервант з традыцыйнымі сервізамі і крыштальнымі вазамі за шклом. У кніжным шафе - дэфіцытныя ў савецкі час кнігі. У пакоях светла і чыста, ля ног круціцца пакаёвы сабачка.

Герой акцыі пратэсту запрашае журналіста «Медыя-Палессе» прысесці ў пакоі і пачынае свой павольны аповед.

Жыццё да інваліднасці

- Я нарадзіўся і жыў у Бабруйску, да сярэдзіны дзевяностых працаваў там прарабам у адной будаўнічай арганізацыі. Але з начальствам, мякка кажучы, погляды не сышліся, давялося звольніцца. Да пенсіі заставалася пяць гадоў, і мая былая жонка настаяла на тым, каб я ехаў на Поўнач на заробкі, маўляў, дзецям трэба дапамагаць.

І апынуўся Мікалай Трафімавіч у расейскім горадзе Наябрск, дзе прапрацаваў некалькі гадоў грузчыкам:

- Бывала, да 35 тон цэменту і іншых сыпкіх грузаў у дзень выгружаў з вагонаў. Было цяжка, але заробак быў добры, таму і працаваў.

У 2000 годзе Мікалай Крычко вярнуўся ў Бабруйск і выйшаў на пенсію. У вёсцы ў яго была лецішча з прысядзібным участкам і гектар зямлі, выдзелены калгасам.

- У мяне была вялікая гаспадарка, і я быў сам сабе начальнік, – распавядае пенсіянер.

Як пенсіянер страціў нагу

- Нагу мне адстаўны палкоўнік адстрэліў. Восенню ў 2003 годзе мы з сябрам і зяцем паехалі на рыбалку. Надвор'е было дрэннае, я не хацеў ехаць, але ўгаварылі.

Толькі Мікалай Трафімавіч расставіў снасці, як да яго падышоў чалавек з паляўнічай стрэльбай і загадаў адвезці яго ў ваколіцу вёску.

- Я адмовіў. А ён зарадзіў стрэльбу і сказаў, што расстраляе колы ў машыне. Я хацеў падысці да аўтамабіля, але ў гэты час ён стрэліў... Куля раздрабіла мне костку, нагу практычна адарвала.

Да месца здарэння падбеглі сябар і зяць Мікалая Крычко, але адстаўнік пачаў ім пагражаць і загадаў легчы на зямлю:

- Мой зяць - спартовец, ён выбіў у злачынца стрэльбу і паляўнічы нож, якім той таксама пагражаў.

Мікалая Крычко адвезлі ў бальніцу, яму ампутавалі правую нагу.

- Былога вайскоўца пасадзілі на 7 гадоў, але, адседзеўшы дзве траціны тэрміну, ён выйшаў на волю, а праз пару гадоў памёр, – распавядае наш суразмоўца.

Пасля таго, як Мікалаю Трафімавічу ампутавалі нагу, яго кінула жонка:

- Сказала: «Навошта ты мне такі патрэбны» і напісала заяву на развод. Я паставіўся да гэтага спакойна, яна сабрала практычна ўсе рэчы і з'ехала.

Новае жыццё, новая жонка

Адзінокім я быў прыкладна год. Потым паехаў у санаторый «Ясельда» пад Пінскам і пазнаёміўся там з Нінай Сяргееўнай. Я пераехаў да яе ў Пінск. Прайшло больш за шэсць гадоў, як мы жывем душа ў душу.

Ніна Сяргееўна Тарасюк падчас размовы стаіць побач. Усмешлівая жанчына крыху расказала і пра сябе. Яна пінчанка, працавала на мясцовым кансервавым заводзе, потым у райспажыўсаюзе. Хоць была простай рабочай, была ў кампартыі. Яе першы муж працаваў кіроўцам у выканкаме і вазіў першых асоб горада. Ён памёр, але яго партрэт вісіць на бачным месцы ў кватэры жанчыны.

Як Мікалай Трафімавіч трапіў на «Марш недармаедаў»

- Мне неабходны рух. Гуляў па горадзе, убачыў, што людзі сабраліся і падышоў. Там усе распавядалі пра свае праблемы. Мяне спыталі пра дэкрэт №3. Я сказаў, што мяне ён не цікавіць. Пенсія ў мяне быццам бы і нармальная (370 рублёў), але на нармальнае жыццё яе не стае, і я не магу сабраць грошай на пратэз.

Рэакцыя на выступ

Выступ Мікалая Крычко трансляваўся ў наўпроставым эфіры некаторых онлайн-СМІ і ён імгненна стаў вядомым на ўвесь свет.

- Мне ўнук з Кракава патэлефанаваў і сказаў, што дзядулю ў інтэрнэце бачыў. Людзі сталі пазнаваць на вуліцы. У краме падышла жанчына і сказала, што мяне шукаюць у інтэрнэце. Пінчукі тэлефануюць і пытаюцца, куды пералічыць грошы.

Праз некалькі дзён да Мікалая Трафімавіча прыйшлі тры жанчыны з органаў сацыяльнай абароны і сталі распытваць, у чым мае патрэбу пенсіянер:

- Толькі спачатку пачалі папракаць, што я да іх не звярнуўся, а на плошчу пайшоў. Так я звяртаўся, дзяржава мне дапамагала, але гэтая дапамога мне не падыходзіць. Навошта перакульваць усё з ног на галаву? Я нават хацеў ісці ў выканкам для пошуку справядлівасці, але дачка ўгаварыла не хадзіць. З іншага боку я рады, што так атрымалася, што пра маю праблему ўсе даведаліся - 14 гадоў у Бабруйску ніхто на мяне ўвагі не звяртаў.

Пра візіт сацыяльных работніц распавяла і Ніна Сяргееўна:

- Яны зайшлі і адразу сказалі, каб я не пужалася. Чаго мне баяцца? Я жыву сумленна. Пакінулі нумары тэлефонаў, каб звярталася за дапамогай.

Падумаўшы трохі, Ніна Тарасюк патэлефанавала на пакінуты нумар тэлефона і паведаміла, што ёй зубы трэба ўставіць, а на гэта трэба 500 рублёў:

- Так там мне сказалі, што ў мяне пенсія вялікая (320 рублёў), таму мне дапамагчы не змогуць.

Так, нейкая праблема з пратэзам?

- Мне раз у два гады робяць пратэз беларускай вытворчасці, – распавядае Мікалай Трафімавіч. Але я не магу яго насіць, ён бессэнсоўны, гэта проста металічная труба тоўстая з чарай для куксы, якая з пуд вагой. Праз 15-20 хвілін ад гэтага пратэза пачынаюцца пякельныя фантомныя болі, здаецца, што баліць пятка, ступня, галёнка, якіх няма на самай справе.

- У мяне была вага 105 кг, цяпер 62 кг. У мяне калі худнее кукса, то яна ў гэтым пратэзе боўтаецца, а калі таўсцее, то не залазіць у прыёмнік, – дзеліцца сваёй бядой пенсіянер.

10 гадоў таму ў Менску ў пратэзна-артапедычным цэнтры інваліду параілі набыць імпартны пратэз вытворчасці Нямеччыны за 600 рублёў:

- З дапамогай сваякоў я сабраў гэтыя грошы, прыехаў у Менск, высветлілася, што трэба ўжо 1000 рублёў. Сабраў 1000, сказалі, што трэба 1800. Я плюнуў на ўсю гэтую гонку і застаўся без пратэза. Няёмка, вядома, увесь час рукі мыліцамі занятыя. Я раней і касіў, і палоў, і трусоў трымаў у сваёй гаспадарцы пад Бабруйскам, цяпер не магу.

Думаю, што ўсё будзе добра

- Пінск - добры горад. У Беларусі ўсе гарады прыгожыя, але Бабруйск лепшы, – з усмешкай сцвярджае Мікалай Крычко. Але вельмі ўразіла спагадлівасць пінчукоў, я ўдзячны ім. І нават калі ўсю суму не ўдасца сабраць, я ўсё роўна рады, што людзі неабыякавыя да майго лёсу. Думаю, што ўсё будзе добра.

Сайт Charter97.org публікуе рэквізіты дабрачыннага рахунку для ўсіх, хто жадае дапамагчы герою акцыі пратэсту ў Пінску:

Рэквізіты: ААТ «АСБ Беларусбанк», аддзяленне №121/134 у г. Пінску.

д/р 000092 (дабрачынны рахунак)

Атрымальнік: Крычко Мікалай Трафімавіч.

Апошнія навіны