BE RU EN

Навукоўцы апавялі, як назаўсёды адмовіцца ад салодкага

  • 2.03.2017, 14:46

Каб эфектыўна перабудавацца, арганізму трэба ўсяго 10 дзён.

Пра шкоду цукру напісана ўжо так шмат, што амаль кожны з нас рэгулярна прыходзіць да думкі адмовіцца ад усяго салодкага. Многія мяркуюць, што гэта сапраўдная праблема. Але ёсць добрая навіна – на самай справе, каб перабудавацца і пазбавіцца ад цукровай залежнасці, арганізму трэба ўсяго 10 дзён, піша выданне orthodox.od.ua.

1. Не піце калорыі.

У кожнай бляшанцы газаванай вады або пачку соку ўтрымліваецца непрыстойна шмат цукру. Гэта ўсё адно, як калі б вы пачалі грызці жменямі рафінад. Не вельмі смачна, праўда? Да таго ж гэта не дае нашаму арганізму нічога, акрамя рэзкага павышэння цукру ў крыві і павелічэння з часам вагі. Замяніце іх на пітную і мінеральную ваду: арганізм будзе ачышчацца, смага – спатольвацца, і пры гэтым ніякай шкоды.

2. Ешце багатую на бялкі ежу і шмат гародніны.

Бялок не падвышае ўзровень цукру ў крыві, але пры гэтым дае энэргію і доўгае пачуццё сытасці, што немалаважна. Яйкі, рыба, курыца – неабходныя штодзённыя прадукты ў гэтым выпадку.

Таксама рэгуляваць узровень цукру дапаможа гародніна. Толькі не бульба. Усё астатняе можна і трэба: капуста розных відаў, кабачкі, агуркі, памідоры – што заўгодна. І не забудзьцеся на зеляніну. Гародніна дасць вашаму арганізму патрэбныя вугляводы, якія не павысяць рэзка цукар у крыві і перапрацуюцца ў энэргію, а не ў тлушч.

3. Не забудзьцеся і пра тлушчы.

Вельмі часта людзі ў пагоні за правільным харчаваннем цалкам адмаўляюцца ад любых тлушчазмяшчальных прадуктаў. А дарэмна. Тлушчы ўціхамірваюць наш апетыт, ураўнаважваюць узровень цукру ў крыві і ўвогуле прыносяць шмат карысці арганізму. Проста трэба іх правільна выбіраць. Аддайце перавагу ненасычаным тлушчам: аліўкавы алей, арэхі і рыба павінны часцей прысутнічаць у рацыёне.

4. Будзьце гатовыя да надзвычайных сітуацыяў.

Ва ўсіх бываюць форс-мажоры, калі зусім няма калі нармальна паесці. У такіх выпадках мы хапаем першае што трапіла: гамбургер, печыва і іншую лухту. Наша задача за гэтыя 10 дзён зрабіць так, каб у падобных сітуацыях пад рукой апынуліся патрэбныя прадукты, а не шкодныя. Збярыце невялікую скрыначку для перакусаў і заўсёды насіце яе з сабой: арэхі, сухафрукты, вяленае мяса індычкі або курыцы, дыетычныя хлебцы – увогуле, усё тое, што доўга не псуецца і пры гэтым дае арганізму неабходную энэргію і сытасць.

5. Дыхайце.

Вельмі часта пачуццё голаду і жаданне тэрмінова з’есці нешта салодкае сігналізуюць пра стрэс. З гармонам стрэсу картызолам можна справіцца простай дыхальнай гімнастыкай. Перад кожным прыёмам ежы зрабіце 5 паўнавартасных глыбокіх удыхаў. Вы здзівіцеся, але гэта сапраўды дае эфект.

6. Спіце як след.

Няякасны сон выклікае дэфіцыт энэргіі, якую арганізм імкнецца тэрмінова дабраць. У такіх выпадках чалавека нястрымна цягне да салодкага, бо гэта самы хуткі спосаб атрымаць жаданае. Паспрабуйце спаць неабходныя 8 гадзінаў, ваш арганізм дакладна будзе вам удзячны, і цяга да цукру перастане быць непераадольнай.

Калі прытрымлівацца гэтых правілаў цягам прынамсі 10 дзён запар, то вітрыны кандытарскіх крамаў перастануць выклікаць прагу тэрмінова змесці палову асартыменту. І нават наяўнасць любімага печыўка на крокавай дасягальнасці не саб'е вас з правільнага курсу.

Апошнія навіны