Жыхары беларускіх гарадоў гавораць: «Баста!»
- 17.03.2017, 11:52
26 сакавіка пратэст у Менску падтрымае ўся Беларусь.
Па шматлікіх просьбах чытачоў сайт Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу апублікаваў макеты ўлётак з указаннем месцаў правядзення акцый у найбуйнейшых гарадах Беларусі, якія пройдуць на наступны дзень пасля Маршу ў Менску, 26 сакавіка. «Друкуйце і расклейвайце іх у сваім населеным пункце, выкладвайце ў сацыяльных сетках. Таксама не забывайце распаўсюджваць інфармацыю пра акцыі ў інтэрнэце з хэштэгам #Баста25», - заклікае сайт БНК.
На сайце выкладзеныя ўлёткі для жыхароў усіх абласных цэнтраў, а таксама Наваполацка, Воршы, Ліды, Баранавічаў, Асіповічаў Барысава, Маладзечна, Салігорска, Мазыра і Пінска.
Марш абураных беларусаў пройдзе ў Менску 25 сакавіка ў Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Акцыя пачнецца а 14:00 каля Акадэміі Навук. Некалькі дзён таму Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу прыняла пастанову даручыць Міколу Статкевічу ўзначаліць марш.
На наступны дзень — 26 сакавіка — акцыі пратэсту пройдуць па ўсёй краіне. Пачатак — а 12:00, месца збору — цэнтральныя плошчы гарадоў.