Макей збіраецца быць ва ўладзе сотні гадоў
- 15.03.2017, 17:02
Кіраўнік МЗС Беларусі заявіў, што «некаторыя краіны ішлі да дэмакратыі не толькі дзясяткі, але і сотні гадоў».
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заклікае не выкарыстоўваць у палітычных мэтах нешматлікія акцыі, якія праходзяць у Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, пасля перамоў з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Бэльгіі Дзідзье Рэйндэрсам, піша БелТА.
"Што да канкрэтных затрыманняў, там трэба паглядзець на ўдзельнікаў гэтых маніфэстацый і вызначыць, хто ў іх удзельнічаў, - тыя асобы, хто непасрэдна патрапіў пад гэты дэкрэт. Нам здаецца, што многія асобы і тут, і за межамі Беларусі спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя маніфэстацыі ў сваіх асабістых мэтах", - заявіў міністр.
Уладзімір Макей адзначыў, што заўсёды ёсць асцярогі наконт, што гэты далікатны працэс нармалізацыі стасункаў з ЕЗ можа захраснуць. "Мы выдатна разумеем, што ў ЕЗ існуюць пэўныя каштоўнасці, якіх пільнуюцца краіны-ўдзельніцы гэтай арганізацыі. І мы выдатна разумеем, што для Еўрапейскага Звязу гэтыя каштоўнасці маюць вялікае значэнне. Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне агулам і ў дэталях з маім калегам", - сказаў ён.
"Трэба разумець, што некаторыя краіны ішлі да дэмакратыі не толькі дзясяткі, але і сотні гадоў. Укараненне сапраўднай дэмакратыі ў тым сапраўдным еўрапейскім разуменні гэтага слова патрабуе многа часу. Гэта патрабуе змены менталітэту, псіхалогіі людзей. І трэба ў гэтым плане працаваць і з грамадзянскай супольнасцю", - сказаў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага міністэрства.