Намеснік міністра замежных спраў Польшчы: Аб правах чалавека мы перад беларускімі ўладамі ўзнімалі пытанні цэлы год
- 15.03.2017, 15:10
Марэк Зюлкоўскі пазначыў пазіцыю Польшчы ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Марэк Зюлкоўскі стаў удзельнікам сустрэчы намеснікаў міністраў замежных спраў дзвюх інтэграцыйных структур: «Усходняга партнёрства» і «Вышаградскай чацвёркі», паведамляе «Радыё Свабода».
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы нагадаў аб выкананні правоў чалавека:
«За апошні каляндарны год, пачынаючы з сакавіка, а можа, нават і з лютага, дачыненні з Беларуссю і па лініі Еўразвязу і двухбаковыя з Польшчай пачалі ажыўляцца. І тут вельмі важна падкрэсліць, што ўвесь гэты час падчас нашых дыялогаў мы абмяркоўваем пытанні, якія нас апошнім часам турбуюць. Пытанні правоў чалавека на ўсіх леташніх сустрэчах таксама закраналіся»
Сёння ж намеснікі міністраў назвалі чатыры галіны, дзе, на іх думку, супрацоўніцтва можа стаць найбольш эфектыўным. Гэта ўзаемадзеянне на мясцовым узроўні, у адукацыі, транспамежнае супрацоўніцтва і мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы падкрэсліў, што ён не згаджаецца са скептычным стаўленнем да перспектыў «Усходняга партнёрства»:
«25 гадоў таму мы адкрылі амбасаду Польшчы ў Беларусі. У ёй я пачынаў сваю дыпламатычную кар'еру. Тады мы пачыналі з прынцыпу добрасуседства, але ж цяпер развіваюцца і іншыя ініцыятывы».
«Усходняе партнёрства» з'яўляецца палітычнай ініцыятывай Еўрапейскага Звязу, накіраванай на збліжэнне з ЕЗ шасці ўсходніх суседзяў - Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. За час дзеяння праграмы, якой пайшоў ужо сёмы год, краінам - удзельніцам «Усходняга партнёрства» было выдзелена 3,2 мільярда еўра на рэалізацыю розных праграм развіцця.
У «Вышаградскую групу» уваходзяць Вугоршчына, Польшча, Славаччына і Чэхія.