BE RU EN

Ад Вольскага да Каржа: абвешчаныя намінанты прэміі Experty.by

Найлепшы беларускі альбом 2016 года выберуць з 11 дыскаў.

Абвешчаныя назвы 11 беларускіх музычных дыскаў 2016 года, якія паспрачаюцца за ўзнагароды Experty.by праз галасаванне беларускіх і замежных музычных крытыкаў. Цырымонія ўручэння адбудзецца 22 сакавіка пры падтрымцы праекта Maksivion, піша nn.by.

Сёлета ў журы прэміі 15 беларускіх і 5 замежных музычных крытыкаў з суседніх з Беларуссю краін: Андрэй Бухарын (Rolling Stone, Расія), Міхал Вячорэк (Gazeta Magnetofonowa, Польшча), Міла Краўчук (Karabas.Live, Украіна), Валдас Лапета ( Ghost Note, Літва) і Хенрыкс Эліяс Зегнерс (Delfi.lv, Tvnet.lv, Satori.lv; Латвія). Анкеты ўсіх сяброў журы будуць апублікаваныя пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод.

- Штатныя экспэрты праслухалі блізу 150 выпушчаных у 2016 годзе беларускіх альбомаў, 29 з іх былі адрэцэнзаваныя цягам года і разгледжаныя ў рамках узнагарод, - кажа Зміцер Бескаравайны, кіраўнік праекта Experty.by. – Агульнае ўражанне атрымалася стракатым і не падобным на іншыя гады. Напрыклад, сярод намінантаў даўно не было столькі праектаў з жаночым вакалам. З іншага боку па-за гэтым спісам выявіліся моцныя працы Akute, Re1ikt, Зміцера Вайцюшкевіча, «Старога Ольсы», Сяргея Пукста і іншых артыстаў - гэта добры паказчык канкурэнцыі.

Каб прыцягнуць увагу да ўсіх намінантаў, арганізатары абвяшчаюць іх агульным спісам, без прывязкі да канкрэтных катэгорый. Пазнаёміцца з намінантамі можна ў рамках спецыяльнага зборніка.

Зборнік намінантаў

Пераможца галоўнай намінацыі «Альбом года» атрымае ў якасці прыза рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад партнёра ўзнагарод - мультымедыйнага праекта Maksivision. Выступ павінен адбыцца да 1 чэрвеня 2017 года. У мінулыя гады аналагічныя ўзнагароды атрымлівалі гурты Shuma (2016), Port Mone (2015), Pukstband (2014), дзякуючы чаму яны правялі свае самыя вялікія канцэрты ў Менску.

У рамках цырымоніі будуць уручаныя ўзнагароды ў 11 намінацыях, уключаючы: «Альбом году», «Найлепшы беларускамоўны альбом», «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы рок-альбом, «Найлепшы поп-альбом», «Найлепшы фолк-альбом», «Найлепшы індзі-поп/электронны альбом». Пазнаёміцца з рэгламентам узнагарод і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by.

Апошнія навіны