BE RU EN

Зміцер Дрозд прэзентаваў «Бунт Батанікаў»

14 сакавіка ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі гісторыка, архівіста Змітра Дразда «Бунт Батанікаў».

На прэзентацыю прыйшлі былыя палітвязні, якія пасля падзеяў Плошчы-2010 таксама трапілі за краты — Ірына Халіп, Алесь Міхалевіч, Сяргей Казакоў, Алесь Кіркевіч, а таксама паплечнікі з «Еўрапейскай Беларусі», калегі-архівісты, сябры дзяцінства.

Адкрыў імпрэзу 13-гадовы саліст гурту «Без секунднай стрэлкі» Мсціслаў Церашкоў. Ён выканаў «Сола беларускае — давайце заспяваем» па матывах вядомага хіта Тота Кутуньё, сыграў на флейце папулярныя мелодыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Новая кніга Змітра Дразда — шостая па ліку. Гэта дзённік, які былы палітвязень вёў з першага дня затрымання, падчас следства, судовага працэсу, увесь час зняволення ў Бабруйскай калоніі і да самага вызвалення.

«Гэта не мемуары, гэта своеасаблівы рукапісны „онлайн“ тых падзеяў. Кніга гэтая „шматузроўневая“: акрамя хронікі, успамінаў, тут шмат дакументаў, фатаздымкаў, пратаколаў. „Батанік“ — гэта „акулярык“, завучка, выдатнік. Але для мяне „батанік“ — гэта перш за ўсё чалавек творчы, інтэлігентны. Таму я ў назве гэтае слова пішу з вялікай літары».

Усім сваім сябрам, калегам Зміцер асабіста падараваў кнігу і даў слова.

Вольга Гулецкая, рэдактарка кнігі, сказала, што вельмі рада бачыць яе герояў:

«Пакуль ёсць у нас такія «батанікі», такая таленавітая моладзь — жыве Беларусь!»

«З Сяргеем Казаковым можна не толькі хадзіць у разведку, але і сядзець у турме», — так прадставіў Зміцер аднаго з герояў кнігі.

«У Бабруйскай калоніі, у карантыне мы з Сяргеем атрымалі кантрабанду — марозіва «пламбір». Гэта было самае смачнае марозіва ў маім жыцці...» — узгадвае Зміцер Дрозд.

Алесь Кіркевіч, які таксама адседзеў за Плошчу, кажа:

«Я вельмі рады, што сярод нас быў прафесіянал, гісторык і архівіст, які мог з навуковага боку ўсё занатаваць. Будзе каму ў свой час корпацца ў архівах Шуневіча».

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч заўважыў:

«Ёсць людзі, якія ўсё апісваюць. Ад мяне, чалавека, які так і не напісаў кнігу, бо не хацеў узгадваць непрыемнае, цяжкае — вялікая ўдзячнасць Змітру за гэтую кнігу».

Журналістка Ірына Халіп, таксама былы палітвязень, кажа:

«Калі пасля адседкі я ўпершыню ўбачыла Дразда, я пра сябе і падумала:

«Які батанік, інтэлігент. І ён мог граміць Дом ураду?» Калі я перабіраю ў памяці ўсіх, хто адседзеў за падзеі 2010 году — Някляева, Саннікава, Радзіну, Дразда, Казакова і многіх іншых, я перакананая — мы б краіну пацягнулі элементарна. Я б назвала гэта бунтам прафесіяналаў, кваліфікаванай меншасці! Мы адыгралі сваю ролю. Калі сустракаемся мы, «дзекабрысты», узгадваем «амерыканку». На мой погляд, такія кнігі павінны існаваць, і іх павінна быць шмат. Такую кнігу павінен быў напісаць кожны, хто адседзеў. Каб спрасціць працу архівістам наступных пакаленняў».

Гісторык-архівіст Вольга Бабкова назвала Змітра Дразда чалавекам-інстытутам, светлай галавой. Узгадала народную мудрасць: «Памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б пісьмом падтрыманая не была». Таму, кажа яна, вельмі важна ўсё занатаваць.

Зміцер Дрозд паабяцаў, што ідэй і напрацовак у яго процьма, таму прэзентацый будзе яшчэ шмат.

Апошнія навіны