Мікалай Статкевіч: Без змены ўлады лепш ужо не стане
- 14.03.2017, 14:32
Цярпенне беларускага народа на мяжы.
Пра гэта напісаў у Фэйсбуку адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч:
- Краіну завялі ў тупік.
Цярпенне народа на мяжы. Людзі спрабуюць звесці канцы з канцамі. Выжываюць, а не жывуць.
А з экранаў халуйскай тэлевізіі нахабная ўлада тыкае нам у вочы сваімі шыкоўнымі палацамі і рэзідэнцыямі, дарагімі турнірамі і самалётамі, шлюхамі і «прынцамі». Калі многія не ведаюць, чым накарміць дзяцей.
Без змены ўлады лепш ужо не стане. Але ніхто за нас не прыбярэ гэтае нахабнае хамло. Дзявацца няма куды - давядзецца зрабіць гэтую працу самім. Самім ачысціць наш дом. Вядома, мы маем права проста зрушыць самазванцаў, якія ўжо даўно «пераабіраюць» самі сябе. Але мы хочам ачысціць наш дом, а не падпаліць яго. Ды і гэтая пачвара схаваецца за спіны такіх жа беларусаў, як і мы. Толькі ў форме.
Таму трэба ўсё зрабіць спакойна і мірна. Гэта вялікая праца. Давядзецца выходзіць на плошчы не адзін і не два разы. Пакуль «вертыкаль карупцыі» сама не пачне развальвацца ад страху перад народам і да нас не прывядуць звязаным вінаватага ў народных бедах. Калі сам гэты віноўнік раней не зразумее, што лепш гаварыць і дамаўляцца з народам.
Людзі ўжо выходзілі і выходзяць на плошчы ва ўсёй краіне. Цяпер прыйшоў час сабрацца ў сталіцы, каб даведацца пра нашу сілу.
Хай вас не бянтэжаць істэрыкі БТ пра правакацыі. Правакацыі ў нас робіць толькі сама ўлада. А цяпер ім занадта патрэбныя заходнія грошы. Аб правакацыях не папярэджваюць, калі іх рыхтуюць.
Збяромся, пройдзем па сталіцы, пакажам краіне, свету і ўладзе сваю волю. Скажам наша гучнае «Баста!», а потым разам вызначым, як далей будзем прыбіраць гэты бруд з нашага дома.
25 сакавіка а 14.00 каля Акадэміі навук у Менску.
Улада - народу!
Жыве Беларусь!