BE RU EN

Суд аб нападзе з бензапілой на ГЦ у Менску пачнецца 20 лютага

  • 6.02.2017, 17:23

Падчас следства было дапытана блізу 200 сведак.

Справу былога студэнта першага курсу МІПСА, які напаў з бензапілой на людзей у ГЦ «Новая Еўропа», Менскі гарадскі суд пачне разглядаць 20 лютага. Пра гэта БелаПАН паведаміла памочніца старшыні Менгарсуда Анастасія Шыльвян.

Справа будзе слухацца ў адкрытым рэжыме.

Як паведамлялася, матэрыялы гэтай крымінальнай справы ў Менгарсуд 29 снежня накіравала Генеральная пракуратура. «Вывучэнне крымінальнай справы паказала, што папярэдняе расследаванне праведзенае поўна і аб'ектыўна. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Падстаў для скасавання ці змянення меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту не ўстаноўлена», — гаварылася ў паведамленні галоўнага нагляднага органа краіны.

17-гадоваму Уладзіславу Казакевічу выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.13 і ч.2 арт.139 КК (падрыхтоўка да забойства дзвюх і больш асоб), ч.1 арт.14 і ч.2 арт.139 КК (замах на забойства дзвюх і больш асоб), ч.2 арт.139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч.1 арт.339 КК (хуліганства).

Паводле звестак следства, 8 кастрычніка 2016 года блізу 17.30 хлопец, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, зайшоў у гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа», з чахлом для музычнага інструмента, заведзенай і гатовай да выкарыстання бензапілой. Падлетак выбіраў аб'екты для нападу сярод работнікаў і наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Першай ён паспрабаваў забіць жанчыну, аднак тая змагла хутка зрэагаваць і ўцячы. Другой жанчыне, 1973 года нараджэння, нанёс два ўдары бензапілой. Пасля таго, як бензапіла заглухла ў выніку трапляння ланцуга ў адзенне пацярпелай, нападнік дастаў з чахла ад гітары сякеру-кувалду і нанёс жанчыне ўдары, ад якіх яна памерла на месцы здарэння.

Затым абвінавачваны прычыніў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару дзвюм жанчынам, якім пасля была нададзеная медыцынская дапамога. Пацярпелымі ў крымінальнай справе прызнаныя тры жанчыны і сваякі загінулай.

Праз непрацяглы час нападнік быў затрыманы работнікамі і наведвальнікамі гандлёвага цэнтра, а таксама супрацоўнікамі міліцыі.

Падчас следства ўстаноўлены факт падрыхтоўкі абвінавачаным забойства дзвюх і больш асоб 7 кастрычніка 2016 года ў адным са сталічных ВНУ. Непаўнагадовы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, зайшоў у навучальны корпус і завёў бензапілу. Ён збіраўся зайсці з ёй і сякерай-кувалдай у лекцыйную аўдыторыю, дзе ў гэты час займаліся 178 студэнтаў, з мэтай нападу на іх. Давесці свой намер да канца падазраваны не змог, бо выпадкова закрануў рычаг тормазу бензапілы, у выніку чаго адбылося адключэнне. Спробы завесці бензапілу выявіліся няўдалымі, што вымусіла яго пакінуць тэрыторыю ВНУ.

Падчас следства дапытана блізу 200 сведак, праведзеныя дзясяткі экспэртных даследаванняў. Даследаваная асоба абвінавачанага. Дапытаныя ягоныя аднакласнікі, настаўнікі, аднагрупнікі, выкладчыкі і іншыя асобы.

Паводле высноў стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспэртызы непаўнагадовы ў перыяд інкрымінаваных яму дзеяў мог напоўніцу ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Апошнія навіны