Эдуард Пальчыс: Я без праблем магу перайсці на беларускую мову
- 6.02.2017, 14:46
Але для паспяховай барацьбы з расейскай прапагандай патрэбны ахоп як мага большай аўдыторыі.
Пра гэта вядомы блогер і былы палітвязень Эдуард Пальчыс заявіў у інтэрв'ю «Белсату».
- Калі казаць аб «расейскім свеце» ў Беларусі, наколькі глыбока ён прабраўся ў наша грамадства?
- Для мяне паказальны прыклад аднаго байца з «ДНР», які паехаў ваяваць пасля прагляду сюжэту пра «Распятага хлопчыка» ў Славянску. Прапаганда ўздзейнічае і нікуды ад гэтага не сысці. Расейская ТВ гадамі адурманьвае беларусаў, і наступствы гэтай «працы» мы яшчэ ўбачым.
- Нядаўна пачуў, што Пальчыс — герой і беларускі супермэн, калі б ён загаварыў на беларускай мове, то было б яшчэ лепш. Як ты ўспрымаеш такія выказванні?
- Ну, па-першае, тое, што я герой і супермэн — гэта занадта і зусім не так. Па-другое, тое, што я размаўляю па-расейску ў гэтай сітуацыі — плюс. Я без праблем магу перайсці на беларускую мову, але сваю задачу бачу ў працы сярод рускамоўных беларусаў.
- Няма мовы — няма нацыі, ці так гэта?
- Не так. Таму што нацыі ёсць розныя. Напрыклад, амерыканцы. У іх мова ангельская. Або вось дагэтуль ужываюць латынь, але на ёй ніхто не размаўляе. Але калі глядзець на класічныя еўрапейскія нацыі — так, свая нацыянальная мова абавязкова ёсць, і мы павінны таксама да гэтага імкнуцца.
- Ці можа прывесці навязванне беларускай мовы да нянавісці да яе?
- Пытанне, што такое навязванне? Вось нас калісьці сілком застаўлялі размаўляць на расейскай мове — гэта было нашмат горш, чым навязванне. Таму я за ўсякае пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Гэта будзе не навязваннем, а абаронай існавання роднай мовы.
- Нельга цурацца ніякіх метадаў або трэба знайсці залатую сярэдзіну?
- Вядома, пажадана, каб гэта было камфортна для большай часткі насельніцтва, і не выклікала абурэння без неабходнасці.
- А як гэта можна рэалізаваць?
- Тут пытанне. Хто гэта будзе рабіць — грамадства, дзяржава або ўсе разам? Стратэгіі могуць быць рознымі, але галоўнае — стварэнне добрага стаўлення да роднай мовы, пашырэння яе сферы ўжывання, і развіццё дзіцячай беларускамоўнай адукацыі.
Нагадаем, летась заснавальніка і аўтара сайта 1863x.com за некаторыя артыкулы на сайце абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці і прысудзілі да аднаго года дзевяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Працэс праходзіў у кастрычніку 2016 года ў закрытым рэжыме. Яшчэ да яго пачатку праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязням.