BE RU EN

Відавочцы: На будоўлі ў «Маяку Менска» абрынуўся паверх

  • 28.02.2017, 18:14

Усю ноч на будоўлі сербскіх сяброў Лукашэнкі працавалі будаўнікі.

«На будоўлі чарговага будынка комплексу «Маяк Менска» абрынулася перакрыццё. Усю ноч будаўнікі там працавалі, раніцай усё зацягнулі зялёнай сеткай», — напісалі tut.by жыхары суседняга з будаўнічай пляцоўкай дома. Відавочцы сцвярджаюць: «Інцыдэнт адбыўся ўчора позна ўвечары. Абрынутую канструкцыю разбіралі пры святле пражэктараў».

Удзень за агароджай працягвалася ачышчэнне ад рэшткаў перакрыцця. Начальнік участка Павел Антонаў патлумачыў:

— Гэта было не абрынанне, а запланаваны дэмантаж перакрыцця. Праект змяніўся, таму ўзнікла неабходнасць у дэмантажы.

Дом, аб якім ідзе гаворка, жылы. Але будуе яго забудоўнік за свой кошт.

Таксама мы атрымалі афіцыйны каментар ад кампаніі ЗТАА «Замэкс Інвестмэнт», якая вядзе будаўніцтва. Падаем яго ў поўным аб'ёме:

«Інфармацыя пра абрынанне паверху на аб'екце ў складзе шматфункцыянальнага комплексу «Маяк Менска» з'яўляецца такой жа «качкай», як і інфармацыя пра пагрозу абрынання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праз будаўніцтва стаянкі на прылеглай тэрыторыі, адсутнасць сертыфікатаў на ўсталяваныя ліфты ў жылых дамах, абрыў ліфтавай кабіны з жыхарамі і г. д.

Са свайго боку мяркуем магчымым інфармаваць аб тым, што ў складзе комплексу «Маяк Менска» цяпер сіламі беларускіх падрадных арганізацый узводзяцца 4 жылыя дамы без прыцягнення сродкаў фізічных і/або юрыдычных асоб.

Будаўніча-мантажныя работы праводзяцца ў строгай адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, якая атрымала станоўчыя высновы РУП «Галоўдзяржбудэкспэртыза», згодна з распрацаваным і ўзгодненым ва ўстаноўленым парадку праектам вытворчасці работ, пад пільным кантролем спецыялістаў, якія праводзяць аўтарскі і тэхнічныя надзоры.

Такім чынам, на аб'екце, які ўзводзіцца ў складзе комплексу «Маяк Менска», абрынання паверху не было.

Падчас паралельнага праектавання і будаўніцтва, цяпер на аб'екце ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй і праектам вытворчасці работ вядуцца будаўніча-мантажныя работы, тэхналагічным цыклам якіх прадугледжана выкананне маналітных работ, мантаж/дэмантаж абсталявання і прыстасаванняў (ашалёўкі, стоек і шчытоў). Пры паралельным праектаванні ў працоўным парадку ўносіцца карэктаванне ў праект і паралельна на будаўнічай пляцоўцы падрадчык выконвае неабходныя змены (мантаж/дэмантаж тэхналагічных вузлоў)».

Апошнія навіны