BE RU EN

Менчукі пратэстуюць супраць будаўніцтва «БелБіяграда»

  • 27.02.2017, 17:03

Жыхары дамоў на вуліцы Скарыны збіраюць подпісы супраць будаўніцтва навукова-тэхналагічнага парку.

Праект уваходзіць у план дэталёвага планавання забудовы, які цяпер абмяркоўваюць у Першамайскім раёне, піша tut.by.

Паводле праекта ў квартале вуліц Ф. Скарыны - Старынаўскай - Праектаванай №1 - паласы адводу чыгункі - Праектаванай №3 павінны з'явіцца адміністрацыйна-гандлёвы будынак, СТА. Да таго ж гэтую тэрыторыю разглядаюць як перспектыўную для будаўніцтва навукова-вытворчага корпуса Нацыянальнай акадэміі навук, фізкультурна-аздараўленчага комплексу з пунктам пракату ровараў, трэнажорнай залай, кавярняй і чатырмя шматпавярховымі гаражамі на 350, 900, 1000 і 1400 машына-месцаў. Усё гэта, калі будзе адобранае, пабудуюць да 2030 года.

Навукова-вытворчы корпус Нацыянальнай акадэміі навук - гэта «БелБіяград». Ён, як распавядалі раней навукоўцы, стане асаблівай тэхналагічнай зонай са спецыяльным падатковым рэжымам, дзе будуць рэалізаваныя праекты ў сферы бія-, нанатэхналогій, фармацэўтыкі, мікра- і нанасістэмнай тэхнікі.

Але жыхары дамоў, якія размешчаны ля пляцу, дзе мяркуецца збудаваць будынак для вялікай навукі і найноўшых тэхналогій, не згодныя з планамі архітэктараў. І прапануюць свае варыянты. Напрыклад, выключыць з праекту «БелБіяград». Аргументуюць тым, што размяшчаць вытворчасць каля жылых дамоў забаронена.

Замест СТА прапануюць пабудаваць харчовую краму з гасцявой паркоўкай. А яшчэ - размясціць шумаахову ўздоўж шматпалоснай трасы, якую хочуць пракласці ўздоўж чыгункі, або зусім выключыць гэтую трасу. І пабудаваць у лесе на месцы недабуду, што тут стаіць, ФАК. Свае подпісы жыхары дома плануюць сёння адправіць у адміністрацыю Першамайскага раёна.

Апошнія навіны