BE RU EN

Фермер, які даў адпор міліцыі, праз паўтара месяца выйдзе на свабоду

  • 27.02.2017, 16:33

Суд у Маларыце залічыў Аляксандру Бельчуку час, праведзены пад следствам.

Маларыцкі суд прызнаў фермера Аляксандра Бельчука вінаватым у «гвалце» ў дачыненні да супрацоўніка АМАП Дзяніса Зянюціча і прысудзіў яго да 6 месяцаў калоніі.

З тэрмiну, прысуджанага Аляксандру Бельчуку, выключаны час, які ён знаходзіўся пад вартай у следчым ізалятары - з сярэдзіны кастрычніка 2016 года.

Пракурор запытваў для фермера 1 год папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Як распавёў «Радыё Свабода» берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, гэтага працэсу наогул не павінна быць:

«Суд кіруецца прэзумпцыяй даверу супрацоўнікам міліцыі. Суд стала ціснуў на сведак з боку абвінавачанага, і ў той жа час мякка ставіўся да сведак з боку міліцыі. З матэрыялаў справы відаць, што міліцыя не выканала сваіх фармальных абавязкаў - публічна не прадставілася, дакументаў не паказвала. Яны сталі думаць, што іх абавязак - не ахова грамадскага парадку і дабрабыту грамадзян, не барацьба са злачыннасцю, а «што хачу, то кручу». Яны самі справакавалі гэтую сітуацыю сваімі непрафесійнымі дзеяннямі. І калі б кіраўніцтва міліцыі было крыху больш разумным, то справу можна было б спыніць».

Фермер Аляксандр Бяльчук з сяла Арлянкі Маларыцкага раёна асуджаны паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса. Нібыта 12 кастрычніка 2016 года фермер «здзейсніў гвалт» у дачыненні да прапаршчыка берасцейскага АМАПу Дзяніса Зенюціча. У судзе Бяльчук віны не прызнаў, казаў, што міліцыянт яго агаварыў і што, наадварот, ён сам пацярпеў ад міліцыянтаў.

Канфлікт паміж сям'ёй Бельчукоў і супрацоўнікамі міліцыі і АМАПа здарыўся 12 кастрычніка 2016 года. Як сцвярджаюць Бельчукі, у той дзень да іх у двор прыехалі невядомыя і выкралі Мікалая Бельчука, а сваякі на некалькіх аўтамабілях пагналіся яго ратаваць.

Невядомыя спыніліся і падчас канфлікту выкарыстоўвалі зброю.

Пазней невядомыя выявіліся супрацоўнікамі міліцыі і АМАПа. Бельчукі кажуць, што не ведалі, што гэта міліцыянты, бо яны былі без апазнавальных знакаў.

Апошнія навіны