BE RU EN

Беларусы масава ігнаруюць яшчэ адзін збор ад дзяржавы

  • 27.02.2017, 9:26

Жыхары сельскай мясцовасці не хочуць плаціць камунальнікам за тое, з чым дзесяцігоддзямі яны паспяхова спраўляліся самі.

Як паведамляе газета «Витебские вести», толькі 43% уладальнікаў аднакватэрных жылых дамоў, размешчаных у сельскіх населеных пунктах Віцебскай вобласці, падпісалі дамовы на вываз цвёрдых камунальных адкідаў. Найбольш нізкі адсотак падпісаных дамоваў у Шаркаўшчынскім (11,4%), Міёрскім (12,3%), Браслаўскім (19,6%), Пастаўскім (20,3%), Шумілінскім (21,6%), Бешанковіцкім (22,9%), Чашніцкім (24,2%), Докшыцкім (24,3%) раёнах. У той жа час у Лепельскім, Расонскім, Аршанскім і Полацкім раёнах гэты паказчык вышэйшы за 76%.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла на сесіі абласной «рады дэпутатаў».

– У першую чаргу, складана перамагчы пазіцыю насельніцтва, таму што паўстагоддзя смецце ніхто нікуды не вывозіў, яго проста спальвалі на падворку, закопвалі або выкідалі ў яр, утвараючы тым самым несанкцыянаваныя сметнікі. Але на двары XXI стагоддзе, і трэба гэтую працу парадкаваць, тым больш што мы абавязаныя збіраць другасныя матэрыяльныя рэсурсы, – прызнаў Юрый Дзядзёла.

Праблема толькі ў тым, што хоць і 21 стагоддзе на двары, але і ў беларускай глыбінцы людзі па-ранейшаму вымушаныя выжываць, падлічваць кожны рубель.

Апошнія навіны