BE RU EN

Мугабэ выдаткаваў два мільёны еўраў на свой дзень нараджэння

  • 27.02.2017, 9:18

Дыктатар Зімбабвэ ўбраўся ў касцюм, упрыгожаны ўласнымі выявамі.

Кіраўнік Зімбабвэ Роберт Мугабэ ўзяў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных яго 93-му дню нараджэння. Урачыстасці прайшлі ў нацыянальным парку Матоба, размешчаным прыкладна за 40 км ад другога па велічыні горада краіны — Булавая, паведамляе Cameroon Concord (пераклад – lenta.ru).

Паводле звестак выдання, святочная вечарына абышлася амаль у два мільёны еўраў.

У святкаванні ўдзельнічалі некалькі тысяч гасцей з кіруючай партыі Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз (ЗАНС). Гасцей частавалі 93-кілаграмовым тортам у выглядзе Зімбабвэ. Мерапрыемства прайшло ў аддаленым ад сталіцы горадзе Матопас.

Мугабэ надзеў на свята касцюм, упрыгожаны уласнымі выявамі і партыйнымі колерамі, а ягоная жонка Грэйс, якую лічаць магчымай пераемніцай дыктатара, мела падобны ўбор.

Святочная прамова імянінніка працягвалася больш за гадзіну. Мугабэ заявіў, што пасля 37 гадоў кіравання не мае намеру аддаваць уладу.

У верасні 2016 года кіраўнік Зімбабвэ ўзяў удзел у адкрыцці помніка самому сабе, а ў снежні абвясціў, што будзе балатавацца на новы тэрмін. Выбары кіраўніка дзяржавы адбудуцца ў 2018 годзе. Яго жонка ўпэўненая — нават труп яе мужа атрымае перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, і паабяцала ў выпадку смерці ўключыць імя мужа ў бюлетэні.

Зімбабвэ належыць да найбяднейшай дзяржавы свету. Краіна, якая знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі, сутыкнулася з гіперінфляцыяй і велізарным дэфіцытам бюджэту.

Апошнія навіны