BE RU EN

ЗША ўпершыню размесцяць у Еўропе знішчальнікі F-35

Вашынгтон упершыню дыслакуе ў Еўропе шматфункцыянальныя знішчальнікі пятага пакалення F-35A.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Баявога камандавання ВПС ЗША генерал Герберт Карлайл на сустрэчы з групай журналістаў, паведамляе ў пятніцу, 24 лютага, ТАСС.

«Я чакаў бы іх разгортвання вясной-летам. Еўропа, зразумела, з'яўляецца тым месцам, куды мы хацелі б накіраваць гэтыя самалёты. Таму я бачу, што гэта адбудзецца», – прыводзіць агенцтва словы Карлайла.

Паводле ягоных словаў, у ЗША ёсць таксама планы накіроўваць гэтыя знішчальнікі ў Ціхаакіянскі рэгіён. Акрамя таго мяркуецца, што не сёлета, а пазней яны будуць дыслакаваныя і на Блізкім Усходзе.

У студзені паведамлялася, што ЗША ўпершыню адправілі знішчальнікі F-35 на службу за мяжу. Эскадрылля Корпуса марской пяхоты была размешчаная ў Японіі – на амерыканскай ваеннай базе Івакуні ў паўднёвай частцы вострава Хансю.

F-35 Lightning II – сямейства перспектыўных малапрыкметных шматфункцыянальных знішчальнікаў пятага пакалення, распрацоўкай якога з 2001 года займаецца карпарацыя Lockheed Martin. Знішчальнік павінен выпускацца ў трох варыянтах: A (звычайны для ВПС), B (з скарочаным узлётам і вертыкальнай пасадкай для марской пяхоты) і C (палубны для марской авіяцыі). Першая эскадрылля F-35B авіяцыі КМП дасягнула баявой гатоўнасці ў жніўні 2015 года, F-35A ВПС ЗША – у жніўні 2016-га.

Апошнія навіны