У Беларусі забаранілі запраўку аўтамабіляў метанам
- 24.02.2017, 21:05
Ва ўсёй краіне забароненая запраўка метанам аўтамабіляў марак VW Passat, Touran і Caddy.
З 23 лютага ва ўсёй Беларусі забароненая запраўка метанам аўтамабіляў марак VW Passat і VW Touran да 2014 года выпуску, а таксама VW Caddy да 2012 года выпуску, піша АўтаГродна. Вытворца Volkswagen яшчэ ў жніўні 2016 году абвесціў пра адклiканне блізу 30 тысячаў аўто, якія працуюць на CNG (сціснуты прыродны газ), у Еўропе для замены газавых балонаў. Мера была прынятая, бо балоны не могуць быць належным чынам правераныя на прадмет карозіі.
Чытач Аляксей апавёў, што 24 лютага на АЗС яму адмовілі ў запраўцы метанам VW Touran 2011 года выпуску.
– На АЗС вісіць аб'ява са спісам VW, якім забаронена запраўляцца метанам, пакуль у машыне не будуць замененыя балоны. Высветлілася, у Беларусі балоны не мяняюць, трэба ехаць у Літву, – паведаміў карыстальнік.
Аляксей адзначыў, што на АЗС ужо некалькі месяцаў вісіць паведамленне пра акцыю замены балонаў.
– Пару месяцаў таму я падаў заяву на замену балонаў, але адказ мне так і не прыйшоў. Таму я меркаваў, што мой аўтамабіль пад акцыю не трапляе. А цяпер я не магу заправіць аўтамабіль метанам. Мне прапанавалі ехаць у Літву, але візы ў мяне няма. І ўвогуле, у Літву трэба ехаць двойчы. Спачатку на дыягностыку, а потым на замену, што зойме шмат часу, – кажа Аляксей.
У кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь», што распаўсюдзіла забарону, паведамілі, што з 23 лютага ва ўсёй Беларусі забароненая запраўка метанам VW Passat і VW Touran да 2014 года выпуску, а таксама VW Caddy да 2012 года выпуску.
– Гэта распараджэнне вытворцы. Забарона ўжо дзейнічае на аўтазаправачных станцыях Заходняй Еўропы, а цяпер і ў Беларусі. Volkswagen праводзіць акцыю адклікання названых аўтамабіляў, бо выяўленыя дэфекты балонаў, якія павінны быць замененыя бясплатна. Пакуль замена не адбылася, вытворца распаўсюдзіў патрабаванне эксплуатаваць названыя аўтамабілі толькі на бензіне, – акрэслілі сітуацыю ў кампаніі.
Балоны павінны змяняцца на ўсіх афіцыйных дылерскіх станцыях Volkswagen. Аднак у гэты момант у Беларусі Volkswagen не можа зрабіць замену ўсім ахвотным. Звярнуцца можна ў літоўскія сэрвісныя цэнтры, куды беларусы ўжо прыязджаюць для бясплатнай замены балонаў.
Імпарцёр Volkswagen у Беларусі пракаментаваў tut.by прыпыненне акцыі замены газавых балонаў.
– Падчас правядзення акцыі бясплатнай замены газавых балонаў дылерская сетка Volkswagen сутыкнулася з цяжкасцямі праз патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага звяза да імпартаваных газавых балонаў, – паведаміў кіраўнік імпарцёра Volkswagen у Беларусі Сяргей Міхневіч. – На наш погляд, гэтыя патрабаванні носяць залішні характар, не звязаныя з бяспекай балонаў, аднак гэта непераадольная перашкода для пастаўкі і замены балонаў у Беларусі.
Цяпер дылерскія прадпрыемствы Volkswagen у Беларусі былі вымушаныя прыпыніць замену газавых балонаў у аўтамабілях. Пры гэтым мы актыўна вядзем працу з залучанымі дзяржорганамі і зацікаўленымі прадпрыемствамі, у тым ліку галаўным офісам Volkswagen, у зняцці такіх перашкодаў, каб аднавіць акцыі на тэрыторыі нашай краіны. Мы арыентавалі кліентаў на пэўны тэрмін, цягам якога разлічвалі на развязанне пытання і прадаўжэнне акцыі. Дылерскія прадпрыемствы Volkswagen рэкамендавалі таксама ўладальнікам аўтамабіляў з устаноўленым газабалонным абсталяваннем, якія падлягаюць замене ў рамках акцыі, неадкладна звярнуцца па выкананне працы да дылераў іншых краінаў, напрыклад Літвы, дзе нормы тэхнічных рэгламентаў Мытнага звяза не дзейнічаюць.